epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Гармонік

Не ў самыя лепшыя для роднага краю часы ехаў я неяк па няўцешных яго дарогах, ішоў па амаль нежывых, зарослых дзядоўнікам і пустазёлам сцежках. Ехаў ад вёскі да вёскі, ішоў ад хаты да хаты.

Усюды было запусценне і глушыня.

У высокім бур’яне і густой стрыкучай крапіве стаялі пакінутыя хаты — вокны з павыбіванымі шыбамі, нібы пустыя вачніцы, абыякава глядзелі на мяне. Сцежкі, зарослыя перастоенай травою і быльнягом, ужо не запрашалі гасцінна да хат, і ад гэтага сціскалася сэрца, якое ўсё ж супраціўлялася і ніяк не хацела верыць у блізкасць нейкага жудаснага, немінучага канца.

Стрэхі былі раскрытыя, кузні стаялі дзіравыя, вёскі былі мёртвыя.

І таму, калі аднойчы напрадвесні паміж сціхотных, нямых, апусцелых вёсак, якія суміліся ў раскіслым, пачарнелым і васпаватым снезе, весела і залівіста зайграў гармонік, я не паверыў самому сабе; сярод дрымоты і цішыні, ад якіх аж закладала вушы, яго бесклапотнасць здалася залішне прарэзліваю і недарэчнаю. Спачатку думаў, што гэта мне ўсё ж трызніцца, але, прыслухаўшыся, пакруціўшы галавою сюды-туды, пераканаўся, што гармонік і напраўду іграе недзе каля кароўнікаў: людзей не відно, а ён, чуеце, аж заліваецца...

Па вясенняй, раскаўзанай у чорную гразь дарозе, па каляінах, у якіх чвякала пад нагамі каша з зямлі, вады і снегу, паціху пайшоў у бок фермы, каб паглядзець, каму ж там гэтак весела.

Каля кароўніка на перакуленым пагнутым бітоне сядзеў адзінокі чалавек — мусіць, вартаўнік — і, не зважаючы ні на што, прыклаўшы галаву да гармоніка, засяроджана іграў. Мяхі шкрэбліся аб яго фуфайку, адкасанае вуха шапкі-аблавушкі звісала і матлялася, трапляла між мяхоў, але ён і на гэта не звяртаў аніякай увагі. Не перастаў дзядзька іграць і тады, калі я падышоў зусім блізка, — ці то напраўду не заўважыў, ці то зрабіў толькі выгляд.

Давялося кашлянуць, каб звярнуць на сябе ўвагу. Дзядзька адразу згроб, як задушыў, гармонік — той, незадаволена піскнуўшы, зусім сціх, а гарманіст угледзеўся ў мяне сумнымі, але насцярожанымі вачыма:

— Што, правяраць прыехаў? Круп сёлета мы не сеялі, гарчыца не ўзышла, сурэпку ўбралі без страт...

Ён здзекаваўся з мяне, і каб зняць у яго падазрэнне, каб пераканаць старога, што я ніякі не правяральшчык, прыцягнуў сюды ж другі бітон, што ляжаў пад страхою, перакуліў яго і паставіў побач з дзядзькавым. Сеў і як можна натуральней спытаўся:

— Іграеце?

— Іграю.

Дзверы ў кароўнік былі адчынены, і з іх выглядалі ўжо цікаўныя каровы.

— А каровы слухаюць?

— Слухаюць.

Па гэтых кароткіх адказах я зразумеў, што дзядзька не хоча са мной гаварыць. Каб неяк разварушыць старога, хоць сам і не куру, папрасіў у яго закурыць. Дзядзька дастаў з кішэні свой капшук з табакаю, і неўзабаве мы заслінілі і прыкурылі ад крэсіва дзве вялікія і тоўстыя цыгаркі — на любую доўгую размову хопіць.

— А дзе ж гэта страха ад кароўніка? — няўмела пыхкаючы цыгаркаю, спытаўся я. — Можа, віхор знёс?

Агульнае курыва, мусіць, як і агульная чарка, збліжае людзей — дзядзька загаварыў ахвотней, жвавей:

— Які там віхор?! Ундзека яны з’елі, — і паказаў жоўтым, пракураным пальцам на кароў, якія, выглядаючы з дзвярэй, нібыта слухалі нашу размову.

— А дзе сена?

— Таксама яны з’елі.

— Мала было?

— Дзівак ты, чалавеча. А хто ж яго многа накосіць, калі ў гэтых вёсках адны ундзека старыя ды крывыя асталіся, а ўсе іншыя, як вось і ты сам, у гарады паз’ехалі.

— Дык а чым вы іх зараз корміце?

Дзядзька неяк хітравата паглядзеў на мяне, але так нічога і не адказаў — адно толькі махнуў рукою.

— Што, і саломы не хапіла, і стрэх таксама?

— Дарагі чалавеча, — дзядзька зноў пыхнуў цыгаркаю, — ты, мусіць, і ў вёсцы ніколі не жыў. Адкуль жа ёй, той саломе, брацца, калі нашы палі толькі птушкі, што пралятаюць міма, угнойваюць. У нас між гаспадаркамі нават спаборніцтва было: хто болей на сваё поле птушак загоніць. Хто болей загнаў, той і багацейшы. А ты кажаш, салома...

Каровы, якія да гэтага маўчалі, раптам пачалі раўці — з кожным разам усё галасней і патрабавальней. Яны грукалі капытамі аб цэментную падлогу кароўніка, білі рагамі ў загародкі.

— Есці хочуць — задумліва сказаў дзядзька.

Рыканне стала ўжо невыносным.

— Гэта толькі тыя шалеюць, якія пакуль на нагах стаяць. А тыя, што ўжо не падымаюцца, маўчаць. Ляжаць і маўчаць.

— А дзе ж старшыня? Што ён сабе думае? Чаму выйсця не шукае?

— А ён ужо не думае. Ён знайшоў сабе выйсце. Хадзіў, хадзіў, ездзіў, ездзіў усюды, шукаў, прасіў, а тады прыйшоў у кароўнік і на той вунь бэльцы павесіўся...

Каровы зараз раўлі дужа моцна — здавалася, што да іх далучыліся нават тыя, што ўжо даўно не ўставалі і даўно не падавалі ніякага голасу.

— Дык што ж вы з імі рабіць будзеце? — разгубіўся я.

— Анічога. Карміць буду, — упэўнена адказаў дзядзька і дадаў: — Час кармлення прыспеў.

— То ідзіце, я не буду вам замінаць.

— А не турбуйся, я і тут, седзячы ля цябе, пакармлю іх.

— А дзе ж ваш корм? — здзівіўся я.

— А ундзека ён. Хіба не бачыш? — і дзядзька паказаў на гармонік, які ўвесь гэты час стаяў на нейкай паламанай, скасабочанай скрынцы.

Дзядзька не спяшаючыся падсунуў да сябе скрынку, узяў у рукі гармонік, павольна ўскінуў рэмень на плячо, зручней усеўся на бітоне, шырока расцягнуў мяхі і зайграў.

Зноў мяхі шкрэбаліся па фуфайцы, зноў вуха аблавушкі завязкаю трапляла між імі — мяхі шчыпалі нават зарослую сівой шчэццю дзядзькаву шчаку, але ён, не зважаючы на гэта, іграў усё весялей і весялей — здаецца, гармонік нават сам выгаворваў: «Легко на сердце от песни веселой». У такт бесклапотнай песні варушыў губамі і дзядзька і прытупваў кірзавымі ботамі па раскіслай, перамешанай са снегам, зямлі — аж пырскі ляцелі ў бакі.

І дзіва дзіўнае — каровы паволі супакойваліся, пераставалі раўці. Яны зацікаўлена прыслухоўваліся да іграння, змаўкалі адна за адною, і неўзабаве ў кароўніку стала зусім ціха: ніводная з іх ужо не раўла, не біла аб цэмент капытамі, не круціла рагамі — усе, як зачараваныя, наставіўшы вушы, стаіўшы дыханне, слухалі дзядзькаў гармонік.

— Бачыш, яны ўжо ядуць, — падміргнуў мне дзядзька. — О, я прывучыў іх да гэтага корму. І ў кароўніку ціха, і надоі прыбаўляюцца.

Ад спакойных дзядзькавых слоў мне зрабілася чамусьці страшна, ад вясёлага яго грання мурашкі пабеглі ў мяне па спіне.

Я не стрымаўся. Падхапіўся з бітона і, ні слова не сказаўшы, нават не развітаўшыся з дзядзькам, пабег хутчэй ад гэтай жудаснай музыкі, ад гэтых галодных кароў, якія паддаліся на такі падман, ад гэтага дзядзькі, які ўпершыню ў свеце прыдумаў і зараз прымяняў такую жахлівую навінку — свой ідэятычны «корм».

Я спяшаўся, жадаючы, як можна хутчэй адбегчыся ад гэтага злавеснага кароўніка, дзе, як мне здавалася, усё яшчэ гайдаецца на бэльцы не зняты нікім старшыня гаспадаркі.

Адбегшыся крыху, азірнуўся і ўбачыў, як дзядзька падміргнуў самому сабе і сабе ж сказаў — нібыта пацвердзіў сваю здагадку:

— А яшчэ гаварыў, што не правяральшчык.

Чым далей я адыходзіў ад гэтага страшнага кароўніка, тым грамчэй і выразней чуў гукі гармоніка.

Гармонік іграў прарэзліва, як крычаў, а да зялёнай травы было яшчэ так далёка...

І я ўжо злаваўся на тое, чым яшчэ нядаўна цешыўся, і прагнуў таго, каля чаго раней праходзіў паблажліва.

І радаваўся таму, чым яшчэ толькі што засмучаўся, і засмучаўся тым, што ўчора яшчэ мяне радавала і прыносіла асалоду.

 


1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Тыя, што ідуць: Кніга прытчаў. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. – с. 58
Крыніца: скан