epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Гэтулькі славы!.."

Гэтулькі славы!

Я не бачыў, можа, адвеку,

Каб гэтулькі славы, ды ўсё аднаму чалавеку.

Вадаспад тае славы

падае,

падае градам,

А ён увагнуўся і скурчыўся —

маленькі пад тым вадаспадам.

Хвалі наўкол —

вяршынь не дастаць рукою,

Такія віры —

засмокчуць ураз з галавою.

Нябачна нідзе берагоў —

адно толькі пеннае мора.

Паводка такое славы

ў берагі ўваходзіць не скора.

Плёскаюць хвалі высокія

ў гэтай вадзе каламутнай,

Быццам апладысменты.

А болей нічога не чутна.

І мне неяк робіцца страшна,

бо мне напраўду здаецца,

Што вадаспад гэты можа

галоўнае выплюхнуць —

сэрца...