epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Год

Здаецца, ўсё па-летняму было:

Па-летняму і сонца шчыра грэла,

І луг у промнях зыркіх за сялом

Свяціў сваёй чупрынай парыжэлай.

 

Ды раптам ліст сарваўся —

ўніз,

уніз,

Бы ў сне, скружыў на ссохлае націнне.

Яшчэ...

Яшчэ...

Трапечацца, павіс

Наступны на танюткай павуціне.

 

Зірнеш назаўтра — вецер-прайдзісвет

Пажоўклыя лісты іржышчам коле,

Куды ні ступіш,

за табою ўслед

Шуміць,

шарсціць,

шаргоча наваколле.

 

Праходзяць дні...

І вось лісток адзін

Вісіць на ветры, мокры і гаротны...

Зляцеў і ён...

І тут спаміж галін

Прасыпаўся пушок-сняжок халодны.

 

Ён сыпаў дзень,

другі,

пакуль не змог

Паназмятаць сумётаў ля парканаў.

Укрыў зямлю,

капец

і сена стог

І нават у падстрэшнікі заглянуў.

 

Ён шчодра сыпаў цэлую зіму

На палазню,

на след зубчатай шыны.

Аднойчы ўсе здзівіліся яму,—

Бы ўлетку, пахлі росамі пушыны.

 

Падзеўся дзе калючы холад іх,

Яны ў садах п’янілі закаханых

І маладзілі ўдумлівых старых,—

Пялёсткі ўсіх вялі у сіні ранак.

 

Прайшло і гэта.

Толькі па начах

У жыта часта звальваліся зоры,

Трымаліся у яблынь на плячах

Антоны,

каб не шпокнуцца ў разору.

 

Ды падалі ў бульбоўнік, білі ў дах,

І з коласа цякло,

як слёзы, зерне,

Камбайнерам не спалася —

шкада,

Што дарагіх зярнят ужо не вернеш.

….......................................................

Спяшаемся з вясны у лета мы,

Зімою веснія ўспаміны грэем.

Не бачым і на сходзінах зімы,

Што год мінуў...

Што мы, сябры, старэем..