epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Грунвальд

Балада ўсіх славян. XV стагоддзе

 

Ссекліся аддана

З ворагам славяне.

Раніца — як рана,

Поле — бы ў тумане.

 

Ноч была няўлежнай —

Ветранай, дажджлівай:

Рыцарам жалезным

Слізка асабліва.

 

Нібы ў кузні, звоняць

Коп’і і сякеры.

І сцягі з пагоняй

Зацкавалі звера.

 

Клінам войска гордым

На багной паляне

Расшчапляюць ордэн

Рыцарскі славяне.

 

Каб было вядома,

Дзе свае яскрава,—

Па пучку саломы

Пачапілі славы.

 

Ордэн ціха вяне,

Тонуць воі ў твані...

І куды ні глянеш —

Скрозь адны славяне.

 

Горача ў жалезе —

Гэтак смажыць ліпень!

У балота ўлезеш —

І яно, як кіпень.

 

А славянам лёгка

Без жалезнай стомы...

І як згледзець вокам —

Скрозь пучкі саломы.

 

Рыцары цяжкія

Тонуць — не узняцца.

Як сабакі кія —

Помсты так баяцца.

 

Сталі на калені

(А ішлі пыхліва!),

Літасці — не меней —

Просяць палахліва.

 

І ўсё далей, далей

Ад вазоў сваіх жа,

Што ў палон забралі

Разам з іхнім крыжам.

 

Ведалі і самі

Той закон спрадвечны —

Побач з ланцугамі

Здавацца небяспечна.

 

А ў вазах схавана

Ланцугі звінелі:

Іх «дарыць» славянам

Крыжакі хацелі...