epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"І нарадзіў кагосьці хтосьці..."

І нарадзіў кагосьці хтосьці,

Той зноў кагосьці нарадзіў.

Раджалі шчодра ягамосці,

Раджалі плодныя наўздзіў.

 

Святых раджалася ўсё болей —

Ім трэба шапкаваць здалёк.

А жыта красавала ў полі,

І цвіў на ўзмежку васілёк.

 

І ў тым, мы зналі, наша сіла,

Радзелі кожную вясну,

Што зерне — зерне нарадзіла,

Трава — траву, сасна — сасну.

 

І я, як той далёкі продак,

Свой добра ведаю выток...

Мая рэлігія — прырода,

Мой Бог — заземлены расток.