epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"І не абтросшы з ног дарожны пыл..."

І не абтросшы з ног дарожны пыл,

Пыл сцежак і шляхоў, пыл селяў і такыраў,

Я да знаёмай вёскі набліжаўся. І яна

Здалёк з’явілася на небакраі, як зярнятка,

І да яе сцяжынка ручаілася, пакуль

Зусім у гэту крапку не ўпадала. Як даўно

Не быў я ў гэтай вёсцы! І таму

З якім сардэчным заміраннем я глядзеў,

Як большала яна, расла увачавідкі,

І распускалася, нібы пупышка,

І разварочвалася шчыра прада мною,—

Як усё роўна хто пад шклом павелічальным

Паказваў мне яе. Спачатку я убачыў

Толькі дрэвы — жоўтыя, асеннія, як полымя,

Асветленыя сонейкам закотным. А затым

Пачаў ужо між іх распазнаваць

І ліпы, што спрадвек шумяць ля школы,

І вербы ля балотца, што на загуменні,

І яблыні чырвона-белыя ў садах.

Пасля і хаты ўбачыў, што смяяліся,

Здаецца, кожнаю асветленаю шыбінай,

І вуліцу між імі, што струменіла

Сцяжынкамі па мураве да хат.

Божа мой! Напружыліся вушы —

Хутчэй схацелася наслухацца гамонкі,

Напружыліся вочы — ім хацелася

Дзяцей ля хат убачыць карагоды,

Напружыліся рукі — прадчувалі,

Як паціскаць прыемна шорсткія далоні,

Якія пахнуць полем і раллёй.

вось яна сама, нарэшце, вёска —

Пустая вуліца, зарослыя сцяжынкі,

Што мне здалёк здаліся вадаводамі,

Забітыя аполкамі крыж-накрыж вокны,

Асверы, што рыпяць, самотныя, над студнямі,

І цішыня такая, бы на могілках,

І толькі ля маўклівых хат, як і заўсёды,

Напраўду пладаносілі сады...

Ішоў па вуліцы і цішу ненавідзеў,

Глох ад яе і ёю нерваваўся —

Хутчэй, хутчэй прабегчы б гэту ціш!

І раптам голас: — Добры дзень, сыночку!

— Дзень добры, баба Ева! — Яна несла

Ваду з калодзежа — адзінага жывога.

— А дзе ж ваш дзед Адам?

— Памёр, дзіцятка.

Вясной адсеяўся, памыўся, апрануў

Сарочку чыстую, нібы на свята,

Сказаў:

«Ну, баба, даганяй, пайду я ўжо дамоў».

«Чаго ж на лета ты сабраўся?» — «Зямелька

Цяпер мне падабаецца — і цёпленька, і мякка.

Я не хачу, ці чуеш ты, лажыцца

У мёрзлыя глыжы». Сказаў так і памёр.

А ты што робіш тут, маё дзіцятка?

— Я прыйшоў праведаць вас.

— Ну дзякуй, што успомніў

Старую бабу Еву.

Я узяў

Вядро ў бабулі з рук, і мы пайшлі

Да напята расчыненых варотцаў...

Да хаты, што адзіная у вёсцы

Вокнамі глядзела незабітымі...

Заходзіла ўжо восеньскае сонца. Неўзабаве

Над хатаю дымок завіўся — быццам вёска

Растком адзіным прарастала ў неба:

То баба Ева, як спрадвеку, госцю

Смажыла яечню...