epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"І прыйдзе смутак нечакана..."

І прыйдзе смутак нечакана,

Падсядзе ціха да цябе;

І у абдымкі, госць нязваны,

Бы лепшы сябра твой, зграбе.

 

І ты сядзіш — не павярнуцца,

Клянеш даверлівасць сваю.

Не для цябе ўжо там смяюцца,

Не для цябе ўжо тут пяюць.

 

Затое — вырвешся на волю —

Зноў весялішся, як дзіця,

І ловіш, радасны да болю,

Малыя ўсцешынкі жыцця.

 

Ідзеш у свет — як на малебен,

І ўжо зусім не помніш зла...

Таму і смутак нам патрэбен,

Каб радасць большаю была.