epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Я люблю цябе да скону..."

Я люблю цябе да скону,

Я люблю цябе да звону,

Я люблю цябе з вагона,

З самалёта, з карабля,

Цёплы шарык мой зялёны,

Ціхі шарык мой зялёны,

Мікрашарык мой зялёны—

Несхадзімая зямля!

 

На табе — вясна віруе,

На табе — зіма снягуе,

На табе — і лета чуе:

Восень у лісці шуршыць.

Я цябе знайшоў такую,

Я цябе адкрыў такую,

Зберагу цябе такую,

Покуль буду сам я жыць.

 

Вось таму змаўчаць не можна,

Вось таму баіцца кожны:

Над табой, такой мурожнай,

У павевах вецярка,

Чуеш, як зусім трывожна,

Як нахабна і трывожна,

Дзесьці здружана трывожна

З мечам шэпчацца рука.