epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Я пайду ў гарод..."

— Я пайду ў гарод

Агуркі палоць.

— Мама, я з табой.

— Ну, хадзем, дачка.

 

— Я пайду на луг.

Сена варушыць.

— Мама, я з табой.

— Ну, хадзем, дачка.

 

— Я пайду на лан

І жытцо дажну.

— Мама, я з табой.

— Ну, хадзем, дачка.

 

— Я пайду туды,

Скуль дарог няма.

— Мама, я з табой.

— Не! Туды, дачка,

Я пайду адна...