epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Я ўночы прачнуўся..."

Я ўночы прачнуўся...

Хто там?

Хто ходзіць, нязваны, па хаце

І лісцем апалым шуршыць,

Быццам цэлы сквер,

Над маім цішынёю аглушаным вухам...

Хто там?..

І што яму трэба, прыхадню,

Ноччу ў чужой кватэры?

Я чую: ён пахне дажджамі

І атрасаецца ля майго ложка,

Як мокры кот...

«Гэй, паслухай,

Чаго тут і хто шукае —

У мяне ж няма чаго красці!»

«Супакойся,

Я — восень,

Позняя восень...

Мне трэба забраць апошнія кветкі,

Што стаяць на тваім стале».