epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Як мы, калісьці стрэўшыся, з табой..."

Як мы, калісьці стрэўшыся, з табой

У вёсачцы заснежанай, далёкай,

Пад поўняю — начнога неба вокам

Дзівіліся зімовай светлатой.

 

І ты была тады маёй вясной,

Маім неадбуяным юным сокам,

І я нібыта чуў бусліны клёкат

Па-над сваёй асенняй галавой.

 

Я сам прасіў: на мне раскінься лісцем

І ліўнем майскім на мяне праліся,

Каб і я зазелянеў, як ты сама.

 

Абуджанай, шчымлівае пяшчоты

Не суняць. Мы ведам заўсёды:

Не, на каханне ланцугоў няма.