epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Як спакайней?

 

Яго паклікалі першы раз. З-за стала падняўся высокі, малады яшчэ і, здаецца, зычлівы чалавек у строгай форме, падаў сваю надзіва цёплую руку і сказаў:

— Слухайце, у нас тут неспакойна, страляюць. Вазьміце, калі ласка, зброю.

І паказаў вачыма на наган, які ляжаў на паперыне, — відаць, гэта была загадзя падрыхтаваная распіска, дзе трэба было толькі паставіць свой подпіс.

— Навошта мне зброя? — спытаўся запрошаны.

— Ведаеце, з ёю вам будзе спакайней. Наган — сябра чалавека. Большы нават сябра, чым сабака. Абароніць ад любога. Усяго толькі націсніце курок, і вы яшчэ не паспееце пачуць стрэлу, вораг ужо забіты. А бандытаў, ворагаў у нас, самі ведаеце, многа.

Той, каго запрасілі, быў доктар. І для яго людзі дзяліліся не на сяброў і ворагаў, бандытаў і небандытаў, а на хворых і здаровых. Ды і асноўным сэнсам яго працы было лячыць, ратаваць ад смерці чалавека, а не забіваць яго. Якая розніца, хто хворы — вораг альбо не вораг?! Хворага, параненага трэба спачатку вылечыць, а потым ужо, калі ён вінаваты, судзіць. Ён яшчэ ў інстытуце кляўся быць верным гэтаму прынцыпу. І парушыць сваю клятву доктар не мог.

— Не, наган мне не трэба. Ён не паможа ў маёй працы, — рашуча адмовіўся доктар.

— Як гэта не паможа? — шчыра здзівіўся той, хто запрасіў.— Усім дапамагае, а вам не паможа?

— Мае ворагі — мікробы, бацылы, вірусы. Як я па іх буду страляць? І колькі патронаў трэба, каб іх усіх зжыць са свету? Іх жа мільярды. І куды, скажыце, цэліцца, каб забіць сухоты? Каб забіць язву страўніка? Каб хоць параніць самага страшнага бандыта — рак? Можа, вы мне падкажаце?

Чалавек у форме быў не дурны, разумеў, што з яго здзекуюцца, але стрымаў сябе — бачыце, і на раённым узроўні сярод пазначаных уладаю ёсць дастойныя людзі! — і гаварыў да доктара вельмі спакойна, нават сяброўскім тонам:

— Але ж вы да хворых ездзіце і ходзіце ў самыя далёкія вёскі. Ходзіце адзін. Гэта ж добра, калі па вас фурманку прышлюць ды вазак добрай сілы пападзецца. А край жа наш пушчанскі. Навакол пушча: і там, і там, і там. Лясы несхадзімыя. Перастрэнуць бандыты, заб’юць, дык і канцоў ніхто ніякіх нідзе не знойдзе.

— А навошта ім забіваць доктара? Яны ж разумеюць, што, забіўшы доктара, забіваюць і тых хворых, якіх ён лечыць.

— Глядзіце, глядзіце самі, але ж...

Шчыра кажучы, ён і сам баяўся хадзіць па цёмных пушчанскіх дарогах і сцежках у гэты неспакойны час. Аднак і браць наган у энергічнага маладога чалавека яму чамусьці вельмі не хацелася. Ды і дзе яго насіць? Хіба ў дыпламаце, дзе ляжаць усе медыцынскія прылады?

— Не, наган мне не патрэбны. Мая зброя заўсёды са мною, — і доктар раскрыў дыпламат, у якім былі акуратна складзены стэтаскопы, шпрыцы, прыбор для вымярэння ціску крыві і іншыя патрэбныя доктару рэчы.

— Глядзіце самі, але я раіў бы вам усё ж добра падумаць,— незадаволена развітаўся чалавек у строгай форме і падаў, як здалося доктару, ужо зусім халодную руку.

Вяртаўся ён у вёску, дзе знаходзіўся яго фельчарска-акушэрскі пункт, і ўсё думаў, чаму з такою настойлівасцю соваў яму ў рукі наган чалавек у строгай форме?

Дарога зноў жа ішла праз густы і цёмны лес, але ён, як заўсёды, супакойваў сябе, стараўся не думаць пра небяспеку.

Аднак у самай глыбіні пушчы яго перастрэлі трое ўзброеных бандытаў.

— Зброя ёсць? — строга спытаўся адзін з іх, мусіць, старшы.

— Нічога ў мяне няма.

Старшы падазрона зірнуў на яго і загадаў хаўруснікам:

— Абшукаць!

Шукалі яны вельмі ўважліва, перамацваючы кожны рубчык адзення, быццам у рубчыку можна схаваць тую зброю, а ён радаваўся, дзякаваў богу і сабе за тое, што адмовіўся, што не ўзяў у раёне наган,— усё роўна б во зараз знайшлі, ды і як бы ён страляў з таго нагана ў трох адразу? Яны вырвалі з яго рук дыпламат, вывернулі ўсё, што было ў ім, на дарогу, у пыл.

— Няма, — расчаравана сказалі хаўруснікі.

— Не можа гэтага быць, — раззлаваўся старшы. — Няма, значыць, дрэнна шукалі. Абшукаць зноў!

Але і пасля другога вобыску яны нічога не знайшлі — як можна знайсці тое, чаго няма?

— Вось што, — са злосцю сказаў старшы, — матай адсюль. Ты нас не бачыў, і мы цябе таксама. Але калі толькі недзе вякнеш, расскажаш пра нашу сустрэчу, крыўдзіся на самога сябе... Зразумеў?

І хутка зніклі за дрэвамі. Ён пасабраў з дарогі прылады — падумаў, што трэба будзе, як толькі вернецца дамоў, іх перакіпяціць нанова, — выграб з пылу ампулы з лякарствам, каробачкі з таблеткамі, усыпаў усё гэта, зноў склаў у дыпламат і паціху, не баючыся нічога, пайшоў пушчанскаю дарогаю — а чаго яму яшчэ баяцца цяпер, калі тое, што ўсіх палохае, ужо адбылося: ён сустрэўся з бандытамі...

Праз нейкі час яго і другі раз выклікалі ў раён. Той жа малады чалавек у строгай форме гэтак жа прыветліва ўстаў з-за стала і зычліва паціснуў яму руку. Яго далонь і на гэты раз была надзіва гарачаю — здавалася нават, што ў чалавека высокая тэмпература.

Але сёння ўжо малады чалавек у строгай форме гаварыў з ім неяк паблажліва, і тон яго размовы быў павучальны, нават бацькоўскі — нібыта ён быў стары, мудры і вопытны, а ўвесь белы ад сівіны доктар — усяго толькі някемлівы хлапчук, які нічога не разумее і якога трэба выхоўваць ды выхоўваць, ставіць абедзвюма нагамі на правільны шлях.

— Вось вы ўсё ўпарціцеся і ўпарціцеся, не хочаце браць наган. Ды зразумейце ж вы ўрэшце, што гэта для вашай жа карысці. Я хачу, каб вам было спакойна.

— А мне спакайней без нагана, — супраціўляўся доктар. — Зброя — гэта заўсёды, як громаадвод: яна прыцягвае да сябе зброю. Разумееце, куля шукае кулю...

Ён бачыў, што чалавек у форме нічога не слухае і не разумее — яго турбуе толькі адзін клопат: як усучыць яму гэты злашчасны наган. Па вачах было відаць, што адна гэтая думка свідруе яго мозг, шукае нейкае выйсце.

— Але ж куля і абароніць ад кулі. Я чуў, што вас ужо пераймалі ў пушчы бандыты. А каб у вас быў наган...

Яго ўразілі, скаланулі гэтыя словы.

— Чулі, кажаце? — перапытаў ён.

Пра тое здарэнне ў пушчы ён нікому не расказваў. Да таго ж ніхто не бачыў, як яго на дарозе перастрэлі бандыты...

Хто ж расказаў пра сустрэчу і вобыск?!

Не маглі ж прыйсці ў раён самі бандыты і прызнацца чалавеку ў строгай форме: «Мы злавілі ў пушчы доктара і абшукалі яго!»

— Чулі? — паўтарыў ён. — Скажыце, калі ласка, адкуль вы ведаеце, што мяне пераймалі ў пушчы?

Малады чалавек схамянуўся, зразумеў, што сказаў нешта лішняе, але тут жа ўзяў сябе ў рукі і неяк загадкава, намякаючы на тое, што не пра ўсё ён можа гаварыць з доктарам, адказаў:

— Мы ўсё ведаем. Але справа не ў гэтым. Мы проста рупімся пра вашу бяспеку. А з наганам — вы як у бога за пазухай. Зразумелі? Дык вось распішыцеся во тут і забірайце наган,— і пальцам падсунуў яму распіску.

Але наган і на гэты раз ён не ўзяў — здагадваўся, падсвядома адчуваў, што бандыты пяроймуць яго ў пушчы і сёння.

Так яно і было.

Яшчэ здалёку заўважыў, што на тым жа самым месцы ў пушчы стаяць трое ўзброеных людзей і, канечне ж, чакаюць яго.

— А, стары знаёмы, — яшчэ не даўшы яму падысці, сказаў старшы. — А сёння ты ўзброіўся?

— Не, — падышоўшы да бандытаў бліжэй, спакойна адказаў доктар.— Я ж вам ужо казаў, што зброя доктару не патрэбна: ён лечыць людзей, а не забівае іх.

— Абшукаць! — загадаў старшы.

Зараз ужо чалавек быў зусім спакойны — прывык да рабаўнікоў, ці што?! Ціха стаяў, паслухмяна падымаў рукі, пакуль яго абшуквалі, спакойна глядзеў, як вытрасаюць у пыл усё з дыпламата — толькі злаваўся, што будзе яму лішняя работа — кіпяціць шпрыцы зноў.

— Няма, — разгублена паведамілі старшаму хаўруснікі, усё яшчэ гледзячы сабе пад ногі, у пыл, быццам спадзеючыся ўбачыць у апошні момант тое, чаго шукалі і да гэтага часу не знайшлі.

— Упарты, аднак, ядрона вош! — нібы сам сабе, зазначыў старшы і, крыху падумаўшы, загадаў:

— Плыві адсюль і помні нашы словы, што сказалі табе першы раз. Ведай, язык твой, калі будзе доўгі, можа пацалавацца з куляю.

Доктар прамаўчаў. Зноў згроб усё вытрасенае ў дыпламат і паволі пайшоў па дарозе далей.

Па ім стрэлілі — пэўна, каб папалохаць. Стралялі, мусіць, вышэй галавы, бо ён толькі ўбачыў, як наперадзе зашамацелі, зашасталі, нібы ад дажджу ці ад граду, кусты, як пасыпалася адсечанае кулямі лісце.

Ён не азірнуўся. Ішоў спакойна і чамусьці без страху — заб’юць дык заб’юць.

Але болей бандыты па ім не стралялі.

Яго паклікалі ў раён і трэці раз.

Малады чалавек у строгай форме быў ужо не такі прыветлівы, але затое яшчэ больш настойлівы.

— Ніяк не зразумею вас, доктар. Мы тут так клапоцімся пра ваша жыццё, думаем, каб вам было спакойна, а вы ўпарціцеся. Ды зразумейце ж вы, што з наганам вы кум каралю. Ніякая пушча вам не страшная!

— Ну добра, вось вазьму я ваш наган. А калі я яго згублю. Што мне за гэта будзе?

— Не магу вас нічым суцешыць, — шчыра прызнаўся чалавек у строгай форме. — Самі ведаеце, што...

І паклаў перад ім крыж-накрыж свае пальцы, а каб доктару было яшчэ болей зразумела, дадаў:

— Турма.

— А калі ў мяне яго адбяруць?

Малады чалавек разрагатаўся:

— Не смяшыце мяне! Як гэта можна ва ўзброенага чалавека адабраць наган? Ён жа зараджаны і страляе. Той, хто ўздумае такое зрабіць, рызыкуе жыццём. Аддаваць жыццё за наган? Які дурань пойдзе на такое?! Мёртваму ж наган ужо не спатрэбіцца...

— Але ўсё ж, калі адбяруць, што мне будзе?

— Таксама турма, — не задумваючыся, адказаў малады чалавек.

— Дык а навошта мне тады здаўся гэты ваш наган, калі за яго мяне ўсё роўна пасадзяць?! — узлаваўся доктар і рашуча змахнуў рукою зброю — наган з грукатам бразнуўся на падлогу. — Сам бяры і насі, смаркач! Дзе хочаш і куды хочаш!

І, грукнуўшы дзвярыма, выйшаў з кабінета. Думаў, будуць лавіць, вязаць, але даганяць яго ніхто не стаў — мусіць, малады чалавек на нешта яшчэ спадзяваўся.

У пушчы доктара сустрэлі ўсё тыя ж узброеныя бандыты.

— Абшукаць! — без лішніх слоў загадаў старшы.

Калі хаўруснікі, якія абмацвалі яго, разгублена развялі рукамі, старшы не на жарт раззлаваўся:

— І на гэты раз не ўзяў, сволач!

Падумаўшы, старшы спытаўся ў іншых:

— Што будзем з ім рабіць?

— У расход, — у адзін голас адказалі двое.

— Ага, расстраляем, але з выдумкай. Вось у мяне зброя, якой ты не хочаш браць, а ў цябе — твая зброя, у якую ты верыш, — і старшы паказаў наганам на яго дыпламат.— Значыць, страляемся мы з табою на роўных, на дуэлі — твая зброя, мая зброя. У мяне ў нагане адзін патрон. Пераможаш гэты патрон — жыві, памрэш — туды табе і дарога. Абараняйся, доктар! — крыкнуў ён і стрэліў амаль ва ўпор.

Але ўсё ж доктар паспеў засланіцца дыпламатам. Куля, прабіўшы вечка, ударылася ў штосьці жалезнае, можа, у стэтаскоп, зрыкашэціла і толькі чыркнула яму па плячы.

— Значыць, твая зброя мацнейшая, — разгублена сказаў старшы і, нібыта і яму самому не хацелася забіваць доктара, загадаў падначаленым: — Няхай жыве. Пайшлі!

І бандыты зніклі за дрэвамі.

Доктар ішоў дадому, і да яго свядомасці, прастрэленай, здаецца, навылёт, зараз выразна даходзіла, што малады чалавек у строгай форме, які так настойліва соваў яму ў рукі наган, канечне ж, быў заадно з бандытамі і вось такім чынам хацеў памагчы ім зброяю.

І яшчэ нібыта абуджаны стрэлам, — да сёння яму здавалася, што ўсё гэта адбываецца не з ім, а з кімсьці іншым,— зразумеў, што не было б у яго ні другога, ні трэцяга разу, калі б у той свой першы прыход у раён згадзіўся ўзяць наган.

 


1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Тыя, што ідуць: Кніга прытчаў. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. – с. 23-27
Крыніца: скан