epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Які чалавек вуглаваты!.."

Які чалавек вуглаваты!

За ўсё на зямлі чапляецца —

За лясы,

за хаты,

за святы,

На цішыні і то спатыкаецца.

 

Чапляецца

за моды, за густы,

За сынавы ручаняты,

Аб пах сусветны капусты

Спатыкаецца

чалавек вуглаваты.

 

Спатыкаецца аб прасторы,

Аб гнёзды,

дзе спяць птушаняты.

І нават за неба,

за зоры

Чапляецца чалавек вуглаваты.