epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Яна ў руцэ шчаслівая ляжала..."

Яна ў руцэ шчаслівая ляжала,

Шчакою саграваючы далонь,

Падцяўшы лапкі і схаваўшы джала,

Суняўшы спапяляючы агонь.

 

Як радасна, што праляцела міма

І чалавеку — раны ніякой!

Яна радзела ласкамі усімі,

К далоні прытуліўшыся шчакой.

 

Хаця якія ласкі ў гэтай згубы,

У гэтай папярэдніцы крыві,

Што гэтак абяскроўлівае губы,

Надзею адбіраючы: «Жыві!»

 

Няма ў яе ні лапак і ні джала —

Круглёная, адкуль ні паглядзець,

Век іншага жыцця яна не знала,

Як смерць.

 

Кавалачак малы вялікай смерці,

Кавалачак халоднага свінца,

Яна была шчасліваю, паверце,

У той руцэ задымленай байца.

 

Нікога не забіла, дзякуй Богу,

Нікога у магілу не звяла...

Смерць на жыццё мяняла перамога,

І куля ўжо апошняю была.