epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Еш!

Славенская балада. ХХ стагоддзе

 

Калі ў канцлагеры закончыцца вячэра,

Аціхне бразгатанне кацялкоў,

Яны спяшаюць у зацемненае месца,

І кожны нешта пад крысом нясе:

— Еш!

 

Адзін — баланду, злітую ў бутэльку:

Як бы самога ўсцешыла яна!..

Другі — акрайчык, што дзяўбе ў далоні...

Спакуса яго несці пад крысом!..

— Еш!

 

Знябытыя, зняможаныя вязні

Нясуць свае галодныя пайкі...

Як доўжыцца кароткая дарога —

Хутчэй, хутчэй бы ўсё яму аддаць!

— Еш!

 

А калі есць ён — прагна, хапатліва,

І чмякае (наглядчык бы не ўчуў!),

Як ласкавеюць земляныя твары:

Аж радасць загараецца ў вачах.

— Еш!

 

— Еш, дарагі наш. Ты — збавіцель,

Адзіная надзея на жыццё.

Ён чмякае... І мускулы мацнеюць...

Круглее твар... Ён чмякае гучней...

— Еш!

 

Як радасна — ужо рукі ягонай

Ніхто не зможа ў лагеры сагнуць!

Паспрабавалі ўдзесяцёх падужаць —

Параскідаў, нібы той бык снапы.

— Еш!

 

Як здорава, што гэтага абралі!

Як ён сыцее — проста на вачах.

Сыцее ён — бліжэй, бліжэй расплата,

А там і вызваленне, можа быць...

— Еш!

 

І вязні ўсе пайкі свае і сілу

З надзеяй аддаюць яму штодзень,

Каб ён стаў моцным, каб ён змог падужаць

Наглядчыка, што здзекуецца, кат.

— Еш.

 

Еш... Вязні не маглі нават падумаць,

Што той, хто пайкі іхнія жарэ,—

Не сябра ім. Ён здраднік, здраднік, здраднік,

Якога сам наглядчык падаслаў...

— Падавіся!