epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Ёлка

Чэшская балада. XVIII стагоддзе

 

Гаспадар — барон аўстрыйскі

Да сваіх імчыць суседзяў,

Да сяброў багатых едзе

Гаспадар — барон аўстрыйскі.

 

— Хоць зірнуць на нашу ёлку

Запрашаю на Каляды.

О, з вас кожны будзе рады

Хоць зірнуць на нашу ёлку.

 

— Не прасі — мы не паедзем:

Там паўстанне — стрэляць раптам,

А страляюць ходы трапна,—

Не прасі — мы не паедзем.

 

— У мяне ёсць толькі ёлка,

У мяне няма паўстання,

Ходскіх стрэлаў — анізвання:

У мяне ёсць толькі ёлка.

 

Як убрана гэта ёлка!

А якія на ёй цацкі!

Я і сам люблю, прызнацца,

Як убрана гэта ёлка...

 

Запрасіўшы ўсіх суседзяў,

Ён вяртаецца дахаты,

Накрывае стол багаты,

Запрасіўшы ўсіх суседзяў.

 

Вунь, зірніце, едуць госці —

Снег капыцяць гулка коні,

Нецярпліва бомы звоняць —

Вунь, зірніце, едуць госці.

 

Бачаць госці — перад замкам

Ёлка колядная ззяе,

Ёлка іх, гасцей, страчае,

Бачаць госці перад замкам.

 

Гляньце, што гэта за дзіва?

Заміж цацак карагоду

Там вісяць паўстанцы-ходы.

Гляньце, што гэта за дзіва...

 

Ай, барон! Ай, малайчына!

Ведаў, чым сяброў усцешыць:

Гэтых ходаў толькі й вешаць

Ай, барон! Ай, малайчына!

 

І пры радасці ляклівай

За сталы садзяцца госці.

Толькі муляе ўсё ж штосьці

І пры радасці ляклівай.

 

Весяляцца і не бачаць,

Што на ёлцы цесна стала,

Што жывых на ёй нямала,—

Весяляцца і не бачаць.

 

Дзе сп’янелым ім убачыць,

Што за імі сочаць рулі

І штуршка чакаюць кулі,

Дзе сп’янелым ім убачыць!

 

А на ёлцы помста вісне —

Ходы з мёртвымі ў абдымку.

Зараз стрэляць... Шчэ хвілінку...

Вунь, на ёлцы помста вісне...

 

Загрымелі стрэлы раптам,

Нібы хлопаўкі між голля,—

Парадзела ўраз застолле...

Так, страляюць ходы трапна!