epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Каханне

Кашубская балада. XVI стагоддзе

 

«А мора — дыбкі, а вецер — валіць,

І я не бачу, куды плысці...

Гэй, хваля, хваля, мая ты хваля,

Мяне дадому ты адпусці».

 

«Ты што, мой любы, ты што, рыбача,

Цяпер вяселле нас не міне.

Ты ж столькі ў моры, хіба не бачыш

Што спадабаўся даўно ты мне».

 

«Вяселле, кажаш? Ці ж гэтак можна

Я ж да жывога ўсяго жадзён.

Я любаваўся табой, прыгожай,

Пакуль мой бераг мне быў відзён».

 

«І ўсё ж са мною хадзем, рыбача,

Ты — прытуліся, я — абдыму».

«А дзеці? Сын мой, ці чуеш, плача,

Хто слёзы вытра з вачэй яму?»

 

«А сыну цацку анёл змайструе,

Ён і заціхне ў кутку пустым».

«А жонка?»

«Жонка? Ну, пагаруе,

Паплача крыху, ды і на тым.

 

А потым выйдзе другі раз замуж

І будзе з новым спяваць і жыць.

З ім будзе ў рыбу хадзіць таксама,

Цябе забудзе — не ўсё ж тужыць».

 

А вецер енчыць, а мора вые,

Кульгае лодка на два вяслы.

Ах, сілы цемры, ах, сілы злыя,

Ваш чуцен холад глыбінны, злы.

 

«Мяне не пусціш, тады на бераг

Вярні хоць лодку сям’і маёй».

«Мне й лодка трэба. Я лодцы веру —

З табой паплаваць хачу на ёй».

 

«Тады хоць песню вярні на волю,

Дамоўкі, к людзям яе пусці».

«І песню возьмем з сабой. Спатолю

Урэшце мару ў сваім жыцці.

 

Як я зайздросціла, вар’яцела,

Калі вы ў лодцы плылі дваіх.

Як ты спяваў ёй — о як хацела

Я прыгарнуцца да слоў тваіх!

 

Дык паспявай жа і мне, каханы,

Я, як умею, так падцягну.

Я ў пырскі, нібы ў вянок, прыбрана,

Не пакідай жа мяне адну».

 

Накрыла хваля сабою лодку —

Ад нецярпення сама дрыжыць.

Далее неба, і дно шарготка

Усё бліжэе праз цень імжы.

 

І той жа момант рыбачка мужна

Нырнула ў мора — назло штармам.

«Аддай мне, хваля, вярні мне мужа —

Я не напелася з ім сама!»

 

Зламаўшы хвалі крыло цяжкое,

Дагнала лодку на дне сваю.

Забрала мужа. Там, пад вадою,

Яны і зараз дваіх пяюць.