epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Калі ад шчасця захмялелы..."

Калі ад шчасця захмялелы,

Стаіш, як дурань, між дарог, —

Не ўспамінаеш, што балела,

І забываеш, што бярог.

 

Паволі развінаеш плечы,

А на душы — такі спакой.

Тады здаецца — будзе вечна

Імгненне радасці такой.

 

Няма тугі, няма напасці,

І не збалелы ты ані,

І задыхаешся ад шчасця,

Нібы ад стромай вышыні.

 

А навакол — смяюцца людзі,

Струменіць цёплае святло...

Спакойны да таго, што будзе,

І да таго, што ўжо было,

 

Стаіш. Трымціш ад прагі весняй.

Не бачыш, радасны, таму,

Як жаўранак з трывожнай песняй

У бездань неба патануў...