epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Калі вось так лунаеш апантана..."

Калі вось так лунаеш апантана

Без павадоў, без лейцаў, без прынук,

Нібыта сам сабе шукаеш мук,

Якія лекамі здаюцца закаханым.

 

Далоні саднеюць, і нам баляць іх раны,

Хоць павады не абдзіралі рук.

І сіл ужо няма стрымаць наш рух,

Страсць, што узнікла так неспадзявана.

 

Пад намі — цемра акіяна зеўрыць,

Над намі — неба яркае Венеры

Аранжавай прынадаю гарыць.

 

Але не будзем дакараць сябе, калі

Нам жыць захочацца усё-ткі на зямлі,

Дзе нас чакаюць сцежкі і бары.