epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Калыханка

Бацька:

Ты расці, мой сын, ты расці хутчэй,

Будзеш мне тады ты памочнікам:

Станем з косамі — упракосім луг,

Стог складзем удвух — залюбуешся,

Воз уціснем мы — нібы лялечка,

Хату новую з табой выстружам —

На ўхвалу усім нашым дзедзічам...

Ты расці, мой сын,

Ты расці, мой сын,

Ты расці, мой сын,

Там — сяўба.

Маці:

Не спяшайся, сын, так расці, малю,

Буду век табой я лагодзіцца,

Я цябе люляць буду ласкава,

Я цябе насіць на руках буду,

Я цябе карміць буду з лыжачкі

І, шчаслівая, назіраць буду,

Як ты з ручкамі забаўляешся...

Не расці, мой сын,

Не расці, мой сын,

Не расці, мой сын,

Там — вайна.

Радзіма:

Ты расці, мой сын, ты расці званчэй,

Абыдзі, прашу, гэту просьбу-плач,

Разумею я сэрца матчына,

Бо і я ж сама — маці вам усім

І за кожнага з вас крываўлюся.

Але ж ты расці, мой заступнічак,

Не давай сябе люляць лішняе,

Лыжку сам бяры — не прасі карміць,

І на ножкі ты станавіся сам —

Не звыкай да рук, абаронца мой.

Будуць ворагі — барані мяне,

А прагоніш іх — жыта, сыне, сей,

І касі траву, і святліцу стаў...

Ты расці, мой сын,

Ты расці, мой сын,

Ты расці, мой сын,

Там — жыццё!