epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Кантрабанда

Беларуская балада. XVI стагоддзе

 

Стаміліся белыя коні і цёмнымі сталі ад поту,

Стаміліся бомы звінець пад дугою —

Матляліся ўжо неахвотна,

Ахрыпла іх песня — яна наглыталася пылу

І ўжо задыхалася ўся,

Калі варта рыплівую брычку спыніла,

Дзе кожнае кола візгліва жаданага дзёгцю прасіла..

— Гэй, што ты вязеш праз граніцу? —

Чужая злавалася мова,

Пыталася варта сурова,

Шукала упарта ахова,

Шукала яна кантрабанду

У брычцы, як позняя восень, парожняй,—

Не верыла,

Што праз граніцу парожнімі ездзіць можна.

— Дык што ты вязеш?

— Вы ж бачыце самі — нічога.

— А можа, схаваў што?

— Навошта? Пабойцеся Бога —

Вы бачыце ўсё, што са мною...

— Ясна адно,— галадранцы!

Ездзяць тут розныя швэнды,—

ахова ўжо стала злавацца.—

А можа, ты кнігі вязеш? Бо з Прагі тут нейкі Скарына

Кнігі злаўчыўся вазіць на радзіму,

Якую чамусьці пакінуў.

— Кнігі?

Ад іх толькі зло...

Бэсцяць кнігі наш люд паспаліты...

— І ты супраць кніг, падарожны?!

Які малайчына, глядзі ты!

А ведаеш, думаю я, што прыйдзе часіна такая:

Нам скажуць Скарыну таго затрымаць,

І мы, будзь ты пэвен, яго затрымаем!

І кнігі тады мы яго

Папалім усюды ў краіне...

— Чакайце, а кнігі ж святыя, пра Бога...

Дык як жа паліць іх?..

— Павінен

Сказаць я табе, чалавеча,

Што ты — кацянятка сляпое:

Можна паліць і святое, калі нам загад ёсць на тое.

Ты знаеш, і Бога самога

Мы можам паслаць на спаленне,

Калі непрыдатным ён стане

Для нашага раптам малення...

Я веру, Скарыну таксама

Касцёр наш падсобіць на неба —

Асудзяць яго на спаленне нашчадкі...

— Так яму, неслуху, й трэба!

— Ну, едзь, падарожны...

Чакай, а хто там сядзіць у фурманцы?

— Гэта ж фурман мой.

— Бач, з форсам катаюцца нават такія,

як ты,— галадранцы!

Ну, едзь — не мазоль нам вачэй...

 

Весялей зацілімкалі бомы,

Яны адпачылі крыху —

Дзе падзелася пыльная стома!

Спяшаўся дадому Скарына (а гэта быў ён — вы пазналі?).

Коней сцябалі абое —

І «пан», і «фурман» коней гналі.

Глядзеў на «фурмана» з усмешкай Скарына —

Усё-ткі правёз кантрабанду ён з Богам!

Бо гэты «фурман» — быў найлепшы друкар,

Украдзены ў караля самога.

 

Ехаў Скарына Францыск друкаваць свае кнігі дома.

Цілімкалі

Весела

Бомы...


1971?