epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Карэнне расы

І ў расы ёсць карэнне.

Я гэта сцвярджаю,

Бо глядзеў, як збірае яе салавей —

Па расіне,

Бы ягады, ён адрывае

І, упаўшы на хвост па-гусінаму,

П’е.

 

І ў расы ёсць карэнне...

Дзе ж тая сцябліна,

На якой даспяваюць ягады рос?

Павучынка, травінка?

А мо нават промень,

Што, як дзіда, ўдзябнуўся ў зямлю

І прарос.