epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Катаванне на стайні

 

— Ну!

Яны стаялі адно насупраць аднаго і, баючыся падняць вочы, глядзелі сабе пад ногі, у гной, у мокрую, перапрэлую і пацёртую салому.

Перад імі грозна хадзіў Ён, гнеўна паляскваючы пугаўём па халявах добра нашмальцаваных ботаў.

Навокал, усунуўшы галовы ў парожнія яслі, хрумсталі падабраным, ці не мінулагоднім яшчэ, сенам коні, — быццам і коней удзень знарок загналі ў стайню толькі для таго, каб яны ўбачылі ўсё, што неўзабаве мелася адбыцца. Стаеннікі раздражнёна махалі хвастамі, адганяючы мух і сляпнёў, якія наляцелі і сюды, у халаднаватую крыху канюшню.

Было тут таксама вельмі многа людзей — з плёткамі, нагайкамі і бізунамі, з прутамі, вожкамі і лазою. Адны, сумленныя і сарамлівыя, як і самі вінаватыя, няёмка апускалі долу вочы: ім хацелася ўцячы, збегчы адсюль, а іншыя, больш жорсткія, нецярпліва пераміналіся з нагі на нагу, узрушана, з асалодаю чакаючы відовішча — ой, што зараз будзе, што будзе...

— Ну! — настойліва паўтарыў Пан і так ляснуў бізуном, што здалося: у стайні нехта стрэліў.

Яны ж стаялі, як і да гэтага, і ўсё яшчэ глядзелі сабе пад ногі. Першая падняла вочы яна — прыгожая, у белай кофтачцы і блакітнай станістай спадніцы, уся — велічная і артыстычная.

— Любы мой, — прашапталі яе збялелыя вусны, якія дрыжалі, нібы ад холаду.

Адважыўся нарэшце адарваць вочы ад гною і ён — малады і прыгожы хлопец у зрэбным адзенні, моцны, дужы і такі мускулісты, нібыта ён толькі што вярнуўся з конкурсу па атлетызму. Падняў вочы і тут жа апусціў іх зноў — не вытрымаў цяжкага, налітага крывёю і злосцю, позірку Пана.

— Ну! — скрывіў вусны Пан. — Чаго ты баішся? Дагэтуль не баяўся, а цяпер табе чамусьці страшна стала... Ну!

І ўзмахнуў дратаванкаю — кароценькая такая пуга, несамавітая, яна рассекла цела і пад адзежынай: на штанах адразу ж паказалася кроў. Яна, убачыўшы гэта, падалася была да яго:

— Родны мой!

Ніхто, здаецца, не пачуў, як зноў свіснула пуга, але ўсе ўбачылі — і на блакітнай спаднічцы ўвачавідкі пачаў цямнець і пашырацца тоненькі напачатку шрамок.

Тады і ён падняў вочы, растуліў моцна сцятыя — нібы склееныя — вусны, прашаптаў:

— Харошая мая...

І на палатняных штанах з’явіўся новы пісяг.

— Слаўны мой...

І на блакітнай спаднічцы ўзнік яшчэ адзін шрам.

Але Пану гэтага было мала. Ён патрабаваў нечага большага.

— Ну! — усё бліжэй і бліжэй падступаўся ён да вінаватых.

І ўжо людзі, якія стаялі навакол,— тыя, што былі менш сарамлівыя і больш нецярплівыя: вельмі ж хацелася ім відовішча! — пачалі — спачатку нясмела, а потым усё смялей і смялей — падштурхоўваць асуджаных адно да аднаго. Бачачы, што Пан якраз гэтага і патрабуе, лёкаі павалілі яго і яе ў гной, пад самыя конскія ногі і хвасты.

— Ну! — усё яшчэ разлютавана шыпеў Пан.

Але яны ляжалі побач, у гнаі, і, нібыта нікога, апроч іх, не было тут, адно толькі паўтаралі:

— Каханы мой...

— Каханая мая...

Тады лёкаі — вельмі шчырыя памочнікі Пана — пачалі цягаць яго і яе па стайні — блакітная сукенка так выпацкалася ў гной і бруд, што зараз ужо нельга было здагадацца, якога колеру яна была да гэтага.

А Пан усё стаяў на сваім:

— Ну!

Лёкаі, каб яшчэ больш дагадзіць Пану, расшпілілі на яе грудзях кофтачку — не расшпілілі, а ў нецярпенні разадралі яе, — знайшлі яго брудную, усю ў гнаі, руку, засунулі жанчыне запазуху, паклалі на белыя-белыя, чыстыя-чыстыя грудзі. Зараз ужо і яны сталі брудныя — з іх сцякалі гноевыя пісягі.

Яе руцэ лёкаі таксама знайшлі месца.

А Пан усё патрабаваў:

— Ну!

Але ў адказ нічога не бачыў і не чуў, апрача ласкавага і цнатлівага:

— Ласкавы мой...

— Пяшчотная мая...

Зразумела, не толькі Пан нечага чакаў, але чакалі і лёкаі.

Яны задралі на жанчыне спадніцу, з мужчыны сілаю пачалі сцягваць штаны — доўга валачылі яго па гнаі і жыжцы, пакуль нехта не здагадаўся расшпіліць папружку. Сілаю змушалі іх, але вінаватыя супраціўляліся, і ў лёкаяў нічога не атрымлівалася.

Зараз ужо іх білі ўсе — плёткамі і нагайкамі, прутамі і пугамі, бізунамі і лазою. Прыбаўлялася пісягоў і ад панавай дратаванкі, але як яны цямнеюць, наліваючыся крывёю, зараз ужо на брудным, выкачаным у гнаі адзенні не было відаць.

— Мілы мой, — і больш нічога не чуваць.

— Мілая, — і ўсё.

І тут раптам здарылся нешта такое, што здаецца неверагодным і паводле звычайнага жыцця і звычайнай логікі не павінна было здарыцца ніколі.

Яны самі прыпаўзлі адно да аднаго, самі кінуліся ў абдымкі і, не зважаючы ні на кога, задыхнуліся ў страсным, здавалася, вечным, быццам апошнім, пацалунку.

Бруд і здзек, гной і абраза, плёткі і катаванні нарадзілі — о дзіва! — страсць. Ды такую, што зараз ужо ніхто не мог яе ні стрымаць, ні тым болей — уціхамірыць.

Коні махалі над імі хвастамі, грукалі ля іхніх галоў капытамі,— яны не зважалі на гэта.

Іх білі плёткамі — усе, хто стаяў побач і хто быў крыху далей, — а яны не адчувалі гэтага.

Іх затоптвалі ў гной, закідвалі саломаю, а яны не бачылі гэтага.

— Жаданы мой, — шаптала яна і ўпэцканымі ў гіду рукамі пяшчотна і цнатліва лашчыла яго, дакраналася пальцамі да броваў і цалавала ў зашэрхлыя вусны, што пахлі гноем і нечым незразумелым, нібы забароненым.

— Жаданая, — адказваў тым жа і ён, цалаваў яе вочы і грудзі, да якіх яшчэ нядаўна баяўся дакрануцца сам і толькі ўздрыгваў, калі змушалі гэта рабіць, калі клалі на іх яго брудныя рукі.

Убачыўшы ўсё гэта, Пан разгубіўся — дасюль патрабаваў еднасці, а тут раптам спалохаўся.

— Разняць! — загадаў ён.

Але хто можа гэта зрабіць, хто зможа разняць, разлучыць, раздзяліць дваіх — яе і яго, — калі яны раптам сталі адным?!

Аднаго чалавека не разнімеш!

Лёкаі паспрабавалі разлучаць і ў жаху адбегліся ад іх як мага далей.

— Адзіны мой, — толькі і чуваць было яе дыханне.

— Адзіная мая... — як рэха, паўтараў і ён.

Паспрабаваў расцягваць іх за рукі і сам Пан. Дзе там! Закаханых, як сіямскіх блізнят, можна было зараз, мусіць, толькі разрэзаць, раздзяліць хірургічным спосабам.

Разлютаваны, з вачамі, чырвонымі ад шалу, ён даў волю дратаванцы. Дружна далучыліся да яго і лёкаі — чаму ж не сагнаць ахвоту, чаму ж не пасцябаць безабаронных, калі ёсць дазвол нават самога Пана.

Але Пан раптам спыніўся.

— Хо-о-о-піць! — як вар’ят, закрычаў ён.

Тыя, хто больш сумленны і менш цікаўны, адразу ж кінулі сцябаць і адышліся. А тыя, хто хацеў як найлепей услужыць Пану, хто зацята сцябаў пакараных, зняважаных і пасля загаду, пасмакавалі самі панавай дратаванкі — Пан не дараваў нікому, хто не выконваў яго загадаў.

Пан яшчэ якую хвіліну пастаяў каля закаханых, няўцямна, невідушчымі вачыма паглядзеў на іх, затым ашчэрыўся ўвесь па-ваўчынаму і з гартанным крыкам, як нейкая гарыла ці макака, бокам, скрывіўшыся, нібыта бег на чацвярэньках, кінуўся прэч са стайні. Ён бег, усё азіраўся і, паказваючы пальцам у бок тых, што ляжалі ў гнаі і брудзе, дзіка крычаў:

— Пачвары! Сволачы! Святыя!

І, завываючы, дадаваў:

— Забойцы-ы-ы-ы! Ка-а-т-ы!

Неўзабаве з таго боку, дзе стаялі Панавы харомы, пачуўся дзіўны гук — нібыта стрэл. Некаторыя лёкаі падумалі, што гэта Пан, як і тут, на стайні, стрэліў пугаю-дратаванкаю, але больш уважлівыя зразумелі: не, пуга ляскае не так, так страляе толькі пісталет сістэмы Макарава.

Тыя, што былі бліжэй да Пана, кажуць, пачулі нават, як ціўкнула куля,і ўбачылі невялічкую дзірачку на скроні, з якой адразу ж паказаў сваю абыякавую галоўку нечаканы чырвоны чарвячок.

Пан не выцерпеў, не вынес самога сябе, не змог зразумець самога сябе, не схацеў дараваць самому сабе, што так зняважыў каханне яшчэ нядаўна блізкіх яму людзей.

А ў гнаі і мокрай саломе ўсё яшчэ ляжалі яны. Ляжалі нерухома, і ўсім здавалася, што яны задаволеныя, хоць і вельмі стомленыя, збітыя і ўшальмаваныя. Але той, хто б уважліва прыгледзеўся да іх, убачыў бы, што закаханыя плакалі: яны былі зараз такія чужыя між сабою і люта ненавідзелі ўжо адно аднаго.

Неўзабаве мужчына і жанчына са злосцю і агідаю адпіхнуліся рукамі і адпаўзліся ў розныя куткі стайні. І там ужо далі волю сваім абражаным, нестрыманым слязам...

Жанчына была жонкаю Пана, а мужчына — яго конюхам. Перад гэтым катаваннем Пан заспеў іх на стайні, калі тыя, схаваўшыся за коней, цалаваліся...

А яшчэ раней яны ўсе трое вучыліся ў адным савецкім інстытуце на адным факультэце, на адным курсе, сябравалі і абодва юнакі бегалі за адною дзяўчынай.

Адзін хлопец стаў потым Панам, і дзяўчына выйшла за яго замуж, а другі — панавым конюхам.

Але гэта было яшчэ ў часы перабудовы, за некалькі гадоў да рэстаўрацыі капіталізму на Беларусі.

Дзіўна, Пан дабіваўся абразы, а як убачыў усё — застрэліўся.

Конюх і Панава жонка праглі кахання і блізкасці, а як атрымалі — зненавідзелі адно аднаго, плачуць.

О, хто зразумее калі гэтых людзей...

І іхнія трохкутнікі, шматкутнікі, у якіх столькі надзей і радасцей, гора і пакут...


1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Сіпакоў Я. Тыя, што ідуць: Кніга прытчаў. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. – с. 44-47
Крыніца: скан