epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Колішняя сварка

Доўга я заснуць не мог...

Мулка мне было на сене,

Гэтак свежа пах мурог,

Бы ў парні кляновы венік.

 

Пад страхой, бы ў лазні дух,

Венік млява лісце звесіў...

Адчыняць акно іду

На някратанай завесе.

 

Прарыпела і сюды

Поўню з вуліцы пусціла.

Нарабіў сабе бяды,—

Не прымусіш спаць і сілай.

 

Недзе ж грае гарманіст,

Не ўгамоніцца да ранку.

А хлапцы пяюць пад свіст

Пра няверную каханку.

 

Чэрці... Хоць устань і кроч

На іх песні-весялункі...

Захмялела нават ноч

Там ад шчырых пацалункаў.

 

Так я і не звёў вачэй,

П’яны быў тады без чаркі.

…..........................................

Шмат было такіх начэй

Пасля кожнай нашай сваркі.

 

Што ж рабіла ты ў той час?

Можа, дужа моцна спала?

Жонка кажа мне ў адказ:

— Дурань, я цябе чакала...