epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Конь

Руская балада. XVII стагоддзе

 

Ратай ідзе паціху за сахою,

Што так спавольна сунецца ў зямлі,

І часта ўсё спыняецца — цягло

Стамілася: ў пярэдыхах маленькіх

Чуваць, як цяжка хакаюць траіх.

Але іх не падгоніш, «Но!» не крыкнеш,

Не свіснеш ёмка пугаю-звіванкай,

Якую ўзяў з сабой ратай па звычцы

І круціць сарамяжліва ў руках...

Тут пуга не патрэбна — сошку цягнуць

Сівая маці з прыгажуняй-жонкай,

А каля іх, нібыта жарабятка,

Шчыруе прыпражны сынуля-жэўжык —

Ён напінаецца, здаецца, больш за ўсіх.

Ратай ласкава так глядзіць на сына

І просіць:

— Ты цішэй цягні, Івашка,

А то не паспяваю за табой я,—

Саха ляціць, нібы за жарабком...

І раптам да ратая незаўважна

Пад’ехала людзей на конях процьма,

А іх галоўны (мусіць, пан вялікі:

Зялёныя саф’янавыя боты,

Кафтан на ім,— ды гэткі ўжо шыкоўны,

На галаве — з чырвоным верхам шапка...)

Знячэўку крыкнуў:

— Што ты робіш, кат!

Як ты пасмеў араць зямлю на людзях?!

Ратай збялеў і пану — бух! — у ногі:

— А што ж рабіць мне, беднаму, паночак:

Каня няма — забралі за падаткі.

— Эх ты, мужчына! — пан злуе і злазіць

З каня свайго і аксамітны повад

У чорныя парэпаныя рукі,

Якія ўсё яшчэ дрыжаць ад страху,

Ён аддае:

— Бяры майго — ары,

А я твайго у пана забяру...

І сам пайшоў.

І коннікі за ім ,

Паехалі паволі.

А ратай

Стаяў з канём і ўсё, як ашалелы,

Сябе шчыпаў, каб неяк апрачнуцца,

Калі ўсё гэта сон. А потым

Шчыпаць каня пачаў.

О, радасць! —

Конь селяніна раптам убрыкнуў!

Ратай стаіць з рассечанай губою,

Размазвае па твары кроў, смяецца

І радасна крычыць:

— Івашка!

Дык конь жа, брат, сапраўдашні, не прывід

Зірні, як моцна б’ецца капытом!

А сын глядзіць на пыльную дарогу,

Дзе ўперадзе вялізазнага войска

Пайшоў багаты пан той пехатою

(На галаве — з чырвоным верхам шапка,

Кафтан на ім — ды гэтакі шыкоўны,

Зялёныя запыленыя боты...)

Па іхняга каня да багацеяў

Пайшоў незразумелы гэты пан —

Сцяпан Разін.