epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Коні на праспекце

Па коўзкім праспекце коні непадкаваныя цокалі:

У вітрыны глядзеліся,

Вывучалі шэрыя цокалі,

Абнюхвалі зводдаль

Сталоўкі

І крамы парфумныя,

Дзівіліся — ведама, коні! — на тратуары тлумныя.

А каб яны не парушылі

Руху агульныя правілы —

Імі, нібыта машынамі,

Рэгуліроўшчыкі правілі.

Толькі ж буланых цягнула

Да зеляніны скверыка кожнага,

Дзе гэтак звыкла пахла

Лугам,

Расою

І пожняю.

І тады, канюхам насуперак, іржалі яны прарэзліва,

Паставы злаваўся і лаяў:

— Но, ідзі, ваўкарэзіна!

Коні тут — дзіва.

І дзеці спяшаюць гурбою звонкаю,

Як некалі ў вёсцы бегалі мы за старымі трохтонкамі.

Сам бы, здаецца, пабег пад музыку конскага цокату,

Але...

На галаве капялюш, жонка таксама пры боку тут.

А ў хату пад вечар зайшоў —

Якою здалася цеснаю

Яна,

На шпакоўню падобная, калыска мая трохмесная:

Лягла на ўсю хату тахта,

Крэслы расселіся грэбліва,

І нельга па хаце прайсці,

Нібы ў магазіне мэблевым...

А вось ужо мроіцца луг

Шырокай пахучаю краскаю.

Па сена я еду.

Вішчаць

Колы, што трызняць падмазкаю...

А вось тыя самыя коні,

Што па праспекце цокалі,

Бягуць па дарозе лясной —

Вязуць мяне ў вёску далёкую...

Мама...

Яна наліла крупніку місу вялікую,

І загарэлы

З-пад ручніка на мяне ўжо бохан

Зіркае,

Які мною зернеткам кінуты,

Рукою маёй дагледжаны,

Мною ў млыне змелены,

Маці маёю спечаны...