epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Кожны дзень прачынаешся з прагаю цуду..."

Кожны дзень прачынаешся з прагаю цуду,

А яго ўсё няма — як будзёніцца ціш!

І дарэмна чакаеш нязвыклага гуду,

Пры якім, нібы ў космас, у свет паляціш.

 

Так, звычайна усё, як заўсёды — без свята.

І будзёняцца ў шэрані вочы твае,

І зашоргалі ў снежных сумётах лапаты,

І пад кранам вада, як пад лёдам, пяе.

 

Пад акном неразвіднелым сварыцца хтосьці,

І машыны спрабуюць па веі паўзці...

Ну, а цуд? Ну, а свята?.. Нячастыя госці! —

Ля цябе неяк збоку спяшаюць прайсці.

 

І сягоння зноў будзе усё, як і ўчора,

Будзе дзень, што на памяць, бы ўрок, завучыў.

І знаёмы аўтобус, і праца — да зморы,

І знаёмая крыўда — як стрэмка ў душы...

 

Ну, а можа, той цуд, як заўсёды, з табою,

Можа, лепшага свята на свеце няма —

Калі сонца, ўзыходзячы, ў гурбе прыстоіць,

Калі б’ецца, як мятлушка, ў шыбу зіма...