Руская балада. XVIII стагоддзе
Крылаў няма ў чалавека,
Каб падмінаць імі неба,
А яно гэтак звабліва вісне
Над табою — куды ні глянь.
Топча раллю ён лапцямі —
Аж пыліць перасохлая глеба...
Бывай жа, такая ласкавая
І такая злая Разань.
Прабач, не паспеў ён у спеху
З табою як след развітацца:
Бег колькі сіл па гародах,
Бег уцалік, па карчах.
Той шарадром ужо ззаду,
Скуль хацеў ён у неба узняцца,
Дзе агонь, што шар дымам напоўніў,
Мусіць, яшчэ не ачах.
За небакрай ужо дрэвы
Заходзяць, як жоўтыя сонцы,
Высозныя дрэвы-званіцы,
Да якіх ён нарэшце дарос...
А як ён ляцеў, усеўшыся
У пятлю забрытанага шара,
Над макавінамі самымі
Дужа высокіх бяроз!
Зайшлі ўжо бярозы... І толькі
Ледзь-ледзь залаціцца званіца,
Аб якую вецер вярховы
Разбіў яго ўскрылены шар...
Калі за званы, за вяроўкі
Чапляўся ён, каб не зваліцца,
О, як званы зазванілі —
Нібыта на мор ці пажар.
Выбеглі людзі з хатак,
У неба рукамі загрукалі:
— Ды ён, ірад, д’яблу служыць,
Ды ён — сын нячыстых сіл.
Як на яго цюгакалі,
Бы на ваўка, агатукалі
За тое, што лётаць уздумаў,
Не маючы з роду крыл...
Кідалі каменнем, білі
Яго і ягоную мару,
А потым з горада гналі —
Ідзі, куды хочаш, цмок...
Крылаў няма ў чалавека,
Каб падмінаць імі хмары,
Добра, што ёсць хоць ногі —
Як бы без іх ён уцёк?!
Крылаў няма ў чалавека,
Каб падмінаць імі неба,
А яно гэтак звабліва вісне
Над табою, куды ні глянь.
Топча ён сцежку лапцямі —
Аж пыліць перасохлая глеба...
Бывай жа, такая ласкавая
І такая злая Разань...