epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Кукіш

Руская балада. XVIII стагоддзе

 

І ён са мною у палоне,

Віноўнік арышту майго,

Нявінна сцяўся на далоні,

Аж шкода, беднага, яго:

Як кацяня, заплюшчыў вочы —

Здаецца, зараз завуркоча.

Маленькі і несамавіты...

І напалохаў ён чаму

Хлусоў вучоных цэлу світу,

Што нас заперлі у турму?

 

Не, тут не кукіш вінаваты,

А я — чарнасашонца сын:

Бо ў іх вучоныя палаты

Зайшоў, зірніце, селянін.

Навуцы — гора, гора, гора:

Сярод вучоных — сын памора.

Таму не могуць прымірыцца,

Даносы пішуць кожны дзень,

Сварыцца любяць і бажыцца,

Што не вучыўся я нідзе.

 

А я ж вучыўся у народа —

Мне гэты вопыт дарагі...

Настаўнік першы мой — прырода,

І праца шчырая — другі,

А трэці мой настаўнік будзе

Заўсёды — людзі, людзі, людзі...

Таму я веру, што Неўтонаў

Патрэбна дома нам шукаць,

Што можа і сваіх Платонаў

Расійская зямля раджаць.

 

Але пыхлівасць чужаземцаў

Спяшае Русію скарыць.

І з мовы рускае смяецца,

Бо ёй не ўмее гаварыць.

І ў акадэміях лапоча

Па-свойму кожны — як хто хоча.

Яны сцвярджаюць, што ў Расіі

Карысных выкапняў няма,

Сцвярджаюць, быццам бы ў Расіі

Адзін ёсць выкапень — чума.

 

О што вы, што вы, прайдзісветы!

Не можа беднай быць зямля,

Дзе так буяе ў красках лета,

Дзе пахне цёпла так ралля,

Дзе вышай воблакаў — вяршыні,

Дзе ў рэчках нашых столькі сіні,

Дзе сонца стоміцца, няйначай,

Пакуль завершыць свой абход,

Дзе людзі адначасна бачаць

І захад сонца, і усход.

 

Багацце нашы горы лучыць —

Нам трэба выхад даць яму.

А нас ці збэсцяць, ці адлучаць,

Ці так во ўкінуць у турму,

Каб мы далелі ад навукі,

А ўсё ішло праз іхні рукі,

Якія зноў пасля даносаў

Навуцы чэшуць аглаблю.

А я, Міхайла Ламаносаў,

Ілюмінацый план раблю...

 

Мне шкода сіл, якіх не вернеш,

Бо ўсё ж уведаць трэба мне,

Калі зямлі даверыць зерне,

Калі спачын даць баразне.

З начальствам часта я сваруся

Ды так, бывае, і сарвуся

Як гэты раз, калі пры сведках

Я лаяў невукаў-шышоў,

Калі пад нос, пыхлівы гэткі,

Мой кукіш дужа ж падышоў.

 

Цяпер са мною у палоне

Віноўнік арышту майго,

Нявінна сцяўся на далоні,

Аж шкода, беднага, яго:

Як кацяня, заплюшчыў вочы —

Здаецца, зараз завуркоча...

Такі вялікі, самавіты.

І напалохаў ён таму

Хлусоў вучоных цэлу світу...

Дык слава кукішу майму!