epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Кузня

Руская балада. ХУШ стагоддзе

 

Ля крывабокай кузні — коні,

Цароў адпрэжаны вазок.

А ў кузні гром, жалеза звоніць,

Цяжкі гагоча малаток.

 

Каваль паказвае малойцу,

Дзе трэба па кавадлу біць,

І лае на чым свет стаіць

Няўмелага малатабойца.

 

— Куды ты б’еш, куды ты плешчаш?

Хіба не бачыш, слепанда?

Даў Бог табе такія плечы,

А галавы, відаць, не даў.

 

Ах ты убоіна, ах неслух,

Бач, заманулася каваць!..

Ах, растакую тваю таць

Чаго цябе сюды прынесла!

 

Лепш грэў бы свой высокі трон

(Цішэй! Кавадла зараз хрусне...),

Дык не, у Тулу едзе ён —

Цара мая цікавіць кузня.

 

Куды, куды, куды ты б’еш?!

Які ж ты, дурань, крывалапы!

З табой нічога не скуеш,

З табой жалеза папсуеш,—

Ідзі ты лепей дзевак лапаць.

 

Што за цары ў нас, Бог святы!

На вочы слеп і глух на вушы...

Балбеса гэткага, як ты,

Каваль ніякі не навучыць.

 

А той рагоча, як лясун,

Вясёла молат-волат ходзіць...

— На сёння, можа, Пётра, годзе,

Бо вунь вячэру нам нясуць...

 

Сядзяць. Вячэраюць. Адкрыта

Глядзяць адзін другому ў твар

Каваль Дзямідка, сын Мікітаў,

І Пётра Першы — гасудар.

 

— Прабач, калі табе дадзеў,

І на мае не гневай словы,—

Каваць ты будзеш адмыслова,

Не збрэша молат твой нідзе.

 

Цябе аблаяў я пад зло,—

Прабач. Скажу табе я прама,

Што любіць наша рамясло

І крык, і лаянку таксама.

 

Без мацюка я — што без рук,

А з ім, бы воск, жалеза стане:

Хоць прыкладай яго ты к ране

Ці выкуй волас, нібы гук.

 

І ты, Пятруша, куй і куй,

Бо сам жа знаеш,— не загана,

Калі і цараву руку

Мазоль пазнае нечакана.

 

Я навучу цябе, павер мне,

Каваць ты будзеш — часу дай.

Тады з табой мы горы звернем...

Давай, Ляксеіч, прыязджай...

 

Кафтан цара, халопа світа...

Развітваюцца ля двара

Каваль Дзямідка, сын Мікітаў,

І Пётра Першы, што ў царах.

 

Той Пётра, жорсткасць што ўзгадуе

І страх нагоніць на людзей;

Той Пётра, які флот збудуе

І ўздыбіць Русь — аблог надзей.

 

Ды гэта будзе потым, потым —

Калі яго цяжкія боты

Зашаргацяць па коткіх днях...

Пакуль жа цар, прапахлы потам,

Куе з Дзямідкам, як раўня.