epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Кветка

Яна ў супакаенні спала,

Пялёсткі склаўшы ў цнотным сне.

Нішто яе не хвалявала,

Нішто не вабіла яе.

 

І раптам — дзіўнае ўзбуджэнне,

Нібы палашчылі вятры,

Бы чмель бахматы ў дзень вясенні

Паказытаў яе знутры.

 

І нарадзіўшыся ў глыбінях,

Трымценне большала, расло,

Запаланіла мрояй сіняй

І, быццам промень, загуло.

 

Раскрыла у дрымоце клейкай

Пялёсткі. Нібы самацвет,

Зірнула зрэнкаю з-пад вейкі

На чымсьці ўсхваляваны свет.

 

І тут жа ўчула: па пялёстках

Прамень кунежліва правёў.

І узрушэнне, нібы лоскат,

Дайшло да самых каранёў.

 

Стаіўшы радасна дыханне,

Праменьчык лашчыла святла,

Трымцела ўся і хвалявання

Ніяк суцішыць не магла.

 

Яна дрыжэла, знемагала,

Непадуладная сабе,

І промень ласкава хавала

Усё глыбей, усё глыбей.

 

Ёй стала гэтак светла ў стоме

І ўцешна — сіл няма трываць.

І захацелася той промень

На ўсё жыццё ў сабе схаваць.

 

Яна звяла пялёсткі млява

У насалодным забыцці...

І стала прывіднаю ява,

І стала горача ў лісці.

 

І доўга стомлена трымцела,

Супакойваючы кроў,

Ахалоджваючы цела,

Заціхаючы наноў.

 

Жыла шчаслівым прадчуваннем,

Надзеяй, што як жар пячэ:

Каб заўтра гэта хваляванне

Паўтарылася яшчэ.