epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Кветкі

Сербская балада. ХХ стагоддзе

 

І пахнуць разамлела гэтак кветкі,

І кружыць галаву іх даўкі пах...

Трымае ён букет вялізны гэткі,

Цяжкі такі — аж млявасць у руках.

 

А колькі радасці ў вачах ягоных!

Так, падарыць букет ён будзе рад...

Вось-вось праедзе тут наследнік трону —

Сам найсвятлейшы герцаг Фердынанд.

 

Чакае... Побач войска маршыруе.

Пяюць салдаты — аж за вушы рот:

— Хвала краіне,

дзе свінец красуе,—

На кулі, значыць, будзе умалот!

 

Зняважаная швабамі краіна,

Па вуліцах тваіх

на Відаў дзень

Пыхліваю,

крыкліваю лавінай

Салдатчына чужацкая ідзе.

 

Якая урачыстасць! Барабаны

Салдатам

збіцца не даюць з нагі.

Закрыты школы.

Нават паздыманы

З усіх флагштокаў сербскія сцягі.

 

Яны спяваюць, што даўно залежа

Ад іх, ад іх і гэты мужны край...

— Хвала,— пяюць,—

што ў нас расце жалеза

Гармат мы здымем новы ураджай!

 

А ён адзін на вуліцы з букетам...

І апусціўшы вочы злыя ўніз,

Яго абходзяць сербы за край свету:

— Вар’ят, напэўна.

Можа, блюдаліз.

 

Злуюць: — Нас швабы гэтак абражаюць —

На Відаў дзень зрабілі свой парад,

А ён, зірніце, кветачкі трымае...

Вар’ят! Вы ж самі бачыце — вар’ят!

 

А можа, робіць лёгкую кар’еру?

А мо яго адолеў здрады сверб?..

Стаіць з букетам, радасны праз меру,

На вуліцы вернападданы серб.

 

А вось і Фердынанд яго прыкмеціў,

Яму, яму памахвае рукой.

І ён, шчаслівейшы з усіх на свеце,

Да герцага ірвецца цераз строй.

 

Якая ўсмешка шчырая — як свята!

Так усміхацца можа толькі друг...

І ўражаныя ўсмешкаю салдаты

Пускаюць серба цераз свой ланцуг.

 

Нідзе ніякіх кветак не ўручалі,

А тут букет — і ўдвух не абхапіць...

«Падумаць трэба пра яго медалі,

А можа, нават ордэн пачапіць»,—

 

Так думаецца Фердынанду-Францу,

Які прымае швабаўскі парад.

А серб хвалюецца: «Шчырэй трэба ўсміхацца.

Ты ж рад...

ты ж рад...

ты дужа-дужа рад...

 

А ў цябе ў руках бярэма кветак,

Нясеш ты кветкі...

кветкі...

квет...»

І раптам стрэл уздрыгвае з букета —

Страляць умеюць, чуеце, і кветкі,

Калі у іх схаваны пісталет!

 

Запахла порахам, нібы вайною,

Сарваны у Сараеве парад.

І вяжуць серба швабы ўсёй гурмою:

— Забіў наследніка! Ды хітрасцю якою...

Вар’ят! Вы ж самі бачыце — вар’ят...