epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Лятай, лятай, маленькі каралёк..."

Лятай, лятай, маленькі каралёк,

Кармі, кармі чужое птушанятка,

Насі яму і зблізку, і здалёк

Па каліву у дзюбцы, па зярнятку.

 

За дзень ты так стаміўся ад турбот,

Аслаблі крылы і ўжо ледзьве носяць.

А ён, зірні, ўсё раздзірае рот,

А ён, зірні, ўсё ежы прагна просіць.

 

Тваіх дзяцей з дупла павыкідаў —

Яму і аднаму там стала цесна.

А ты, дурненькі, ўсё яму аддаў,

А ты шчыруеш ля яго, балесны.

 

І ўсё ж лятай, маленечкі шчырэц,

Кармі падкіданца ў сваім гняздзе зацята,

Бо шчыраванне гэта пад канец

Тваёй міжвольнай зробіцца адплатай.

 

Ён замуруе у дупле сябе,

Дупло сабой запоўніць даастатку...

Лятай, лятай, маленькі верабей,

Кармі, кармі ў гняздзе зязюленятка.