epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Лятаюць рыбы у вадзе, бы ў небе..."

Лятаюць рыбы у вадзе, бы ў небе,

Бяскрылы, як у сне, палёт.

І дзівіцца крылаты самалёт:

Лятаюць рыбы у вадзе, бы ў небе.

 

А рыбы дзівяцца: нібы ў вадзе, у небе

Плыве імкліва, лёгка самалёт.

На чым трымаецца яго палёт

У гэтакім бязводным моры — небе?

 

І ўсё ж шануй, прырода, іх палёт

І беражы усіх у іх патрэбе:

Рыб, што ў вадзе ляцяць, як самалёт,

І самалёты, што плывуць у небе.