epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Ляжаць на далоні зерні..."

Ляжаць на далоні зерні...

Не верне зямля іх?.. Ці верне?..

Чысценькія такія,

Дагледжаныя і сухія;

Іх аддаваць страшліва

Нават зямлі ўрадлівай.

 

А што, калі сонца не знойдзе

І промень воддаль іх пройдзе?..

А што, як у цёмных нетрах

Не хопіць для іх паветра?..

І яны, нібы рыба на беразе,

Задыхнуцца ў раллі?..

Не верыце?

І не верце, бо нават у жменях,

Як жывыя, варушацца зерні

І ў пальцы дзяўбуць расткамі —

У руках прарастаюць самі...

 

Расшчапіце хутчэй далоні —

Не трымайце жыццё ў палоне!