epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Лазня

Балгарская балада. XVIII стагоддзе

 

Мы — аркестр рабоў.

Мы цягнем мелодыю гэту,

Даўгую — быццам дарога дадому,

Цяжкую — нібы бурлакам карабель на мелі,

Сумную — што нашы вочы.

А хіба вочы вясёлымі будуць,

Калі людзі эміра (якія там людзі!)

Адабралі ў іх колеры,

А ім толькі чорны пакінулі —

Колер зацьмення:

Чорныя кветкі,

Чорнае неба

І чорнае сонца

На чорнай чужыне...

Іх палохалі нашы вочы —

І яны іх выпеклі, вылюдкі.

(Маўляў, вочы, што бачаць колеры,

Замінаць толькі будуць аркестру.)

 

Мы — аркестр рабоў,

У мармуравай лазні эміра іграем.

Ён толькі што выкупаўся ў басейне

І цяпер абсыхае, выстарак.

А ў басейне яго

Паланянкі-балгаркі купаюцца,

Перад ім,

Перад намі купаюцца...

Мы іх ведаем добра,

Хоць ніводную ў твар не бачылі,

Толькі ж кожную мы пазнаём

Па дыханню,

Па кроках,

І па тым, як рука ваду паслухмяную чэрпае

І, ўзняўшы, на плечы крутыя ліе,

І па тым, як вада па целе

Сцякае —

Пазнаём.

 

Мы — аркестр рабоў.

Нас трынаццаць.

Іх таксама, здаецца, трынаццаць.

О, як мы іх да болю кахаем!

Вылка — тую, што вельмі ласкава ступае,

Асен — тую, што, нібы крылом,

рукою ледзь чутна махае,

Я — тую, што дужа часта ўздыхае.

І як мы пакутуем,

Калі эмір выклікае на ложа каго з іх,

Каб сваю старэчую прагнасць спатоліць!

Сціхніце...

Зноў кагосьці пальцам паклікаў...

Анямейце, птушкі ў залочаных клетках!

Дзівакі,

Навошта вы гэтак стараецеся?

Як і нам, вам жа выпеклі вочы,

Каб вы лепей спявалі,

Каб толькі спявалі,

Сціхніце,

Дайце паслухаць,

Хто ж ідзе на эмірава ложа клятае,—

Ці тая, што дужа ласкава ступае,

Ці тая, што, быццам крылом, рукою махае,

Ці тая, што цяжка ўздыхае?..

 

Мы — аркестр рабоў.

О Божа!

Яна, зноў яна, ідучы, уздыхае...

Вось яе абціраюць вялыя еўнухі,

Успамінаючы нешта далёкае,

Дакрануўшыся да грудзей знячэўку...

Вось кладуць яе ля эміра —

Перасохлага, нібы мошчы, турка...

Божа!

Аглушы мяне, Божа,—

Як я знябыўся слухаць

Такія любоўныя пакуты

Маладога і старага цела...

Застагнала струна мая...

адразу шчаку запякло ад далоні хормайстра.

О, яны ўмеюць да нас, сляпых, падкрадацца

Ціха, нячутна — як кошкі;

Біць,

Каб зноў выпрамляць мелодыю:

Мы ж — аркестр рабоў...

Хто тут?..

Хто ля мяне?..

— Ангел! Абдымі мяне, Ангел...

— Гэта ты?!

І адкуль ты ведаеш,

Што з цябе я вачэй не спускаю?

— Абдымі... Пацалуй...

Я...

Яго...

Задушыла...