epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Лебядзіная вернасць

Яны ляцелі з выраю тады,

Як стрэл дагнаў яго на паўдарозе.

І ён упаў, не ўцёкшы ад бяды,

Сяброўку папярэдзіў у трывозе.

 

Яна ж над чорнай прорваю сама

Кружыла доўга, змучаная горам:

Нашто жыццё, калі таго няма,

Спакойна з кім пералятала моры.

 

І горкі сум па сябруку сваім

Яна ў апошнім выдыхнула стогне,

А потым склала крылы —

і за ім,

 

Як камень,

паляцела

у прадонне.