epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Лінія гарызонта

Яе адкрываюць дзеці,

Гэтую вабную, як бабуліна казка, нітку,

Якая злучае зоркі з расою

І не злучыць зоркі з расою;

Якая мяшае паветра з вадою

І не змяшае паветра з вадою;

Якая звівае аблокі з раллёю

І не саўе аблокі з раллёю;

Якая сшывае неба з зямлёю

І не сшые неба з зямлёю.

У дзяцей пераймаюць дарослыя

Гэтую зманлівую, як матчына песня, нітку,

Каб адкрываць невядомае

Тое, што ёсць за домам;

Каб за ніткай ісці без стомы,

Некалі выйшаўшы з дому;

Каб не заседжвацца дома —

З падарожжаў вяртацца дадому.

І каб прыносіць дадому

Сабраныя зоркі за домам.

Ах, гэтая зменлівая нітка!

Вечна яна дражніцца новымі небасхіламі!