epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Маці! Белыя, жоўтыя, чорныя маці!.."

Маці!

Белыя, жоўтыя, чорныя маці!

Калі вашых сыноў

Вырвуць з вашых абдымкаў

І са звязанымі крыламі

Укінуць,

Як у калодзеж,

У чорнае прадонне турэмных дзвярэй

Нейкія новыя, ашалелыя фашысты;

І калі вы прынясеце вязням перадачу —

Букет ціхіх, нявінных кветак, —

Ведайце,

Вас могуць расстраляць

За падбухторванне да ўцёкаў.

Кветкі за кратамі пахнуць свабодаю!

Іх забараняецца прыносіць у турмы:

Там гэта ўжо зброя —

Белыя, жоўтыя, чорныя кветкі.