epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Мая хата ўзімку расянай палянай зрабілася..."

Мая хата ўзімку расянай палянай зрабілася —

Да мяне, нібы ў лес, столькі птушак пагрэцца

Набілася;

І забілася ў цесным пакоі

Птушыная песня, бы ўвесну,

І садзілася песня на шторы, на крэслы,

падвескі;

Затрымцела, зацінькала, засвістала, зачэкала,

Забулькацела, запінькала, засакатала,

Быццам хацела аглушыць яна некага...

Цесна ўжо стала

Адагрэтай

Песні гэтай

У голым,

Прыдуманым мною лесе,

У кволым куточку лета.

 

Дзяўбе іголка пласцінку

Панура, але старанна,—

Пласцінку, нібы лісцінку, маю дарагую

паляну.

Шукае старанна, дзюбай шукае

Згубленыя на пласцінцы дзесьці

Песні

Даўняга

Мая...