epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Малюнак

Вазьміце шарготкае лісце,

Дадайце прыціхлае сонца,

Палі цішынёй ахініце,

З лесу павыганьце птушак.

Ваду ўхаладзіце у рэчках,

А ў неба, пабляклае неба,

Пусціце ключы жураўліныя —

Няхай невясёла курлыкаюць...

 

Цяпер адыдзіцеся крыху —

Здалёк на малюнак зірніце:

Так, атрымалася восень.

Але ж не стае ёй чагосьці,

Распранутай да сарамлівасці.

Магчыма, дажджу схаладалага

І смела-нахабнага ветру,

Што ліпне да кожнай пупышкі.

 

Ага, не хапае і дрэваў

З валасамі — галінамі мокрымі,

Дзе ад ветру хаваюцца кроплі —

Нібы слёзы стабуненых птушак;

Дзе, як сцюжа,— збялелыя, белыя —

Да малюнка, ужо ўхаладзелага,

Падкрадаюцца першыя зазімкі,

Без якіх яшчэ восень — не восень...

 

Што? Малюнак зімовіць вам рукі?

Вы на пальцы і пэндзаль падыхайце,

Каб закончыць хутчэй карціну

Да завей, што завязвае восень.

А то, крый Бог, яшчэ памарозіць —

Бач, як холад гусцее з’інелы —

Тыя веснія, цёплыя кветкі,

Што ўзышлі на суседнім малюнку...