epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Маналог мядзведзя, які пасля першай спячкі выйшаў з бярлогі

О, як гэта ноч надакучыла,

Доўгая, быццам бы пушча,

Цёмная, нібы бярлога...

Колькі я сноў перасніў,

А ў снах пераеў маліны

І пераласаваў мёду —

Аж цяпер яшчэ горка ў роце.

Нарэшце прачнуўся!..

Толькі

Што гэта вочы так рэжа

І ніяк не даецца панюхаць?..

Ага!

Гэта ж сонца, якое

Пахне чамусьці знаёма —

Нагрэтаю поўсцю. Штосьці,

Нібыта прамень, няўлоўнае

(Ніяк не магу здагадацца!)

Мой нос прыемна казыча...

А каб ты жыў быў! То ж вецер,

Што пахне ільдзінкамі крохкімі,

Снежнай вадой і зямлёю

Адталай.

Мусіць, ён з хмелем,

Бо як нюхнеш яго толькі —

Адразу ў бакі так і водзіць...

Ціха!

Нейкія дзіўныя гукі?..

Уцякаць?

Але ж не! Здаецца,

Небяспекай наўколле не пахне.

Дык хто ж тады там балбоча?

Зірну!..

То вада размаўляе!

Мне ж якраз усю ноч і хацелася

Піць!..

Каб прагнаць гаркату тую,

Што засталася ад мёду,

Якога гэтулькі пераеў я

У сне...