epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Марскі музей

— Увага, шаноўныя экскурсанты!

Падоўгу так не бачылі зямлі

Вось гэтыя цяжкія караблі.

Цяпер яны пацеюць перад вамі,

Прыбітыя зялёнымі вятрамі

Да берага прыціхлага музея.

Стаяць, слухмяныя,— не рыпне рэя,

І днішча да вады не дакранецца,

Не лопне ветразь, ветрам не надзьмецца —

Які там вецер з нашага дыхання,

Суцішанага намі. Аж да рання

Яны свой сум калышуць старадаўні,

Нібы на колішніх зімоўках даўкіх

Сярод палону льдоў. І вось тады —

Хоць бы глыток салёнае вады,

Хоць бы вятрыну нейкую прыгнала,

Хоць у паўбала — хай бы пагайдала!

Але навокал — сцены, сцены, сцены...

Як белыя ільды, сціскаюць сцены.

Так горача — гарачая ільдзіна...

І людзі ўсе — цікаўныя пінгвіны —

Працягваюць гарачыя далоні,

І караблі яшчэ ў адным палоне...

Тады у сны да іх прыходзіць мора,

Разгорнутае па усіх прасторах;

У ветразях не месцяцца вятры,

На мосціку — зноў капітан стары,

Рыпіць лябёдка — якар паднімае,

З яго вада жадомая сцякае

І капае,

і капае

у цішу...

А вось і хваля іх ужо калыша...

— Экскурсія, таварышы, закончана. Караблі

засынаюць: бачыце, ківаюцца...