epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Мячык

Польская балада. ХХ стагоддзе

Скача мячык, скача мячык,—

Паспрабуй ты дагані!

За калючым дротам мячык

Скача весела ў гульні.

 

Ах, які харошы дзядзька,

Хоць і немец:

Пагуляць даў мяч-прысядзьку,

Мяч-шаленец.

Дзядзька ж доктар. Ну, а дзеці

Добра знаюць,

Дактароў благіх на свеце

Не бывае.

Дактары заўжды вясёлыя

Прыходзяць

І хваробы ўсе уколамі

Выводзяць...

 

Скача мячык, скача мячык,—

Паспрабуй ты дагані,

Калі ў роце, апроч плачу,

Ні халоднай, ні гарачай

Ежы не было ані.

 

Ах, які харошы доктар

Немец гэты —

Абяцае місу ўкоптар

Бульбы грэтай...

Падагрэтай — пасля ўколаў

Абяцае.

Ну ці скора тыя ўколы?!

Бо іх голад, бо іх голад

Так чакае...

Ну, а доктар кіпяціць, напэўна,

Шпрыцы,

Каб пры ўколах ім, малым,

Не заразіцца...

 

Скача мячык, скача мячык,

Скача весела ў гульні.

Бульба ж варыцца — няйначай...

Пахне, мусіць, бульба смачна...

— Гэй, гані яго, гані!

 

Колькі радасці наўкола —

Як чакаюць дзеці ўколаў!

Бегаць вучацца нанова

На нагах — сцяблінках кволых,

І смяяцца (зноў — нанова),

Як у садзіках вясёлых

Ці на перапынку ў школах.

 

Ажывілі дзетак гульбы.

Скача мячык... Пахне бульба...

Мячык... бульба...

Бульба... мячык...

Скачуць...

.......................................................

А ты, хлапчанятка,

Чаму не смяешся з усімі

І не спрабуеш дагнаць

Развяселены мячык?

Чаму ты глядзіш на гульню тужліва,

Вачыма такімі —

Як плачаш.

Ідзі,

Дзядзя доктар табе вунь махае рукою...

Усё ўжо гатова —

Ад лякарства ўгінаецца столік...

— Я ведаю, вы забойца.

Мяне вы заб’еце.

І толькі за тое,

Што я поляк.

Вы — фашыст.

Вы ніякі не доктар.

Я ведаю добра таксама,

Што не лякарства,

А смерць гэтак доўга вы нам рыхтавалі.

Мама!

Пракляні гэты мячык, мама,

Які нам фашысты далі!

І выгукнуў смела хлопчык,—

Адкуль ён сабраў столькі сілы! —

Верш, што калісьці ў школе

хорам вучылі:

«Хто ты естэсь?

Поляк малы!

Які знак твуй?

Ожэл бялы!..»

 

Скача мячык, скача мячык...

А дзяцей той крык спыніў.

За калючым дротам мячык

Скача сумна, не ў гульні,

Мячык, што гульні дзіцячай

Так бязлітасна зманіў...