epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Мятлушка-шматкалёрніца..."

Мятлушка-шматкалёрніца,

Сцішыўшы чуйныя крылы,

Сок бярозавы п’е.

 

Якая музыка — цішыня!

Як яна пульсуе, нябачная,

Калі замоўкнуць транзістары!

 

Тады чуваць нават робіцца,

Як мятлушка-шматкалёрніца

Сок бярозавы п’е.

 

Свет заціх і не дыхае:

Мятлушка-шматкалёрніца

Сок бярозавы п’е.

 

А яна ўзмахнула крыламі,

Стала вялікай-вялікай,

А потым знікла зусім.

 

Нібы яна села на промень

І стала звычайнаю краскаю

Між звычайнай зялёнай травы.

 

А можа, якраз цішынёю —

Той, што пульсуе, нябачная,

Калі замоўкнуць транзістары.