epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Мір

Злавацца на дождж,

Які доўжыцца з самае раніцы,

затапляючы нашу надзею пазагараць;

Наракаць на цеснату

У перапоўненым, душным тралейбусе,

дзе вы можаце стаяць

толькі на адной назе,—

як бусел;

Сварыцца з жонкаю

З-за нейкіх мілых, ласкавых дробязей

і чакаць, нібы свята, прымірэння;

Ушчуваць сына,

Які ў суседавым садзе

налаташыў поўную пазуху яблык;

Лаяць камара,

Які не дае вам заснуць —

звініць, малеча, над вухам, нібы цэлы

аркестр...

 

Якая ўсё гэта радасць —

Мы, разгубленыя, пазнаём

толькі ў першы дзень вайны.