epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Мой агонь пастарэў на год..."

Мой агонь пастарэў на год,

Маё вогнішча вечарэе.

Ачышчае мяне ад нягод

І звядае само, як лілея.

 

Гавары са мной, гавары,

Мой касцёр крутабокі, святлівы.

Аж да самай да цёмнай пары

Я з табой гаварыць шчаслівы.

 

Ачышчальная сіла агню,

Я люблю тваіх іскраў завею!

Можа, я тыя дні даганю,

Дзе гады яшчэ ў завязі спеюць...

 

Успаміны шуршаць і шуршаць,

Як апалае лісце пад восень...

Што ж мы будзем успамінаць?

І што высветліць памяць папросім?

 

Жыў, здаецца, без звад. Заўсягды,

Як дзяцей, гадаваў свае мары.

І дзівіўся — і дні, і гады

На касцёр ідуць, бы ахвяры.

 

Ну, ці быў жа шчаслівы, скажы?

Быў! — усім адкажу я натхнёна...

Той шчаслівы да скону, хто жыў

На зямлі на нашай зялёнай!

 

Нават той, каго лёс не грэў,

Высвятляе жыццё, нібы свята...

Не варушацца кроны дрэў —

Там, у гнёздах, спяць птушаняты.