epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Музыка для закаханых

Адкуль, адкуль ён, гэты лёгкі сум?

Яны ж кахаюць, бачыце,— кахаюць.

Кахання свайго чыстую красу,

Як немаўля, абачліва люляюць.

Адкуль, адкуль жа гэты лёгкі сум?

 

Шчаслівыя. Нашто ім сумаваць

У гэтым свеце ласкі і пяшчоты,

Калі ад шчасця кружыць галава

І светла так ад шчырасці і цноты—

Шчаслівыя. Нашто ім сумаваць?

 

Ды ўсё ж — як музыка шчымлівая, туга

Праз радасць прарастае непрыкметна.

І шчасце — як адчай, і ласка — бы смуга,

І боязь, боязь страціць усё гэта.

Таму — як музыка шчымлівая, туга.

 

А рукі спазнаюць пяшчоту рук.

І вочы — вочы. Вусны лашчаць вусны.

І страшна гаварыць. Здаецца, змовіш гук —

І знікне ўсё. Няўтульна стане. Пуста...

Маўкліва спазнаецца ласка рук!

 

А музыка тужліва так шчыміць,

І ў светлаце так хораша на сэрцы...

Трывожна-радасна ў такой харашыні,—

Нібыта зараз трэба ім памерці...

І музыка тужлівая шчыміць,

 

Напоўнены каханнем, як жыццём,

Як цішыня — жадлівыя абое.

Памруць яны — памрэ, здаецца, ўсё;

І цэлы свет патушаць за сабою,

Напоўнены, як ласкай, пачуццём.

 

Адкуль, адкуль ён, гэты лёгкі сум?

Яны ж кахаюць, бачыце,— кахаюць.

Кахання свайго чыстую красу,

Як немаўля, шчаслівыя, люляюць.

Адкуль, адкуль жа гэты лёгкі сум?