epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Мы цяжка ходзім па зямлі..."

Мы цяжка ходзім па зямлі,

Нагружаныя, бы саставы...

— Табе, зямліца, не баліць,

Як мы твае дратуем травы,

Як вязнуць колы у раллі,

Як плуг цябе крылюе ржавы

І як машыны, бы чмялі,

Гудуць у восеньскіх канавах?

 

І ўсюды ногі, ногі, ногі...

Нібы цапы пры малацьбе,

Без жалю топчам мы цябе —

Аж прагінаюцца дарогі,

Як тыя кладкі пры хадзьбе.

А мы ідзём, ідзём сабе...

 

Балюча, мусіць, вам дарогі?

— Ды не, смялей ступайце, ногі!