epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

"Мы стаім у зялёным маі..."

Мы стаім у зялёным маі —

Недалёка ад нашых студзеняў,

Так далёка ад жоўтых верасняў,

Шчэ далей ад сваіх лістападаў,

Адкуль ужо стануць нам бачны

Нашы сівыя

ціхія снежні.

 

Мы стаім па калені ў красках,

На якія вёсны так шчодрацца.

Мы глядзім,

як цвітуць нашы яблыні

І красуюцца першаю завяззю,

Якую спяліць нам да восені,

Покуль завязь

не выспее

яблыкам.

 

Мы смяёмся,

зялёныя дрэвы,

У сваіх макавінах не бачачы,

Аніводнага ліста пажоўклага,

Які б нам пра восень напомніў;

Мы смяёмся

і краскі раскідваем,

На якія не шчодрыцца восень.

 

Мы смяёмся.

За смехам не бачым,

Як махаюць дні крыллем над намі,

Над зялёнымі нашымі кронамі,

Над бурнымі нашымі маямі,

Покуль часу крыло не збівае

Першы ліст —

неспадзёўкаю першаю.

 

Вось тады мы і заўважаем,

Што не мы ўжо стаім у маі,

Што смяюцца пад нашымі кронамі

Маладыя

зялёныя дрэвы —

Нашы дзеці.